2015-03-26 14:00:00

Васіль Цяпінскі


У мінулай праграме мы гаварылі пра вядомага беларускага асветніка 16 стагоддзя, пісьменніка, перакладчыка Святога Пісання Сымона Буднага. А сёння пагаворым пра яго сучасніка і паплечніка – Васіля Цяпінскага. Погляды гэтага, безумоўна, таленавітага пісьменніка таксама разыходзіліся з навучаннем каталіцкай Царквы, аднак яго ўнёсак у беларускую культуру быў вельмі важны. Васіль Цяпінскі працягнуў асветніцкія традыцыі Францішка Скарыны і стараўся наблізіць сваім сучаснікам Слова Божае. Акрамя таго, Цяпінскі быў асабіста і ідэйна звязаны з Сымонам Будным, падзяляў яго грамадзка-палітычныя і рэлігійныя погляды. Як і Сымон Будны, ён спачатку вызнаваў кальвінізм, а потым перайшоў у анцітрынітарызм.

Будучы асветнік нарадзіўся ў маёнтку Цяпіна (сучасны Чашніцкі раён) у сям’і дробнага баярына Полацкага павету Мікалая Амельяновіча. Дакладная дата яго нараджэння невядомая, але даследчыкі лічаць, што Васіль з’явіўся на свет у 30-х - пачатку 40-х гадоў 16 стагоддзя. Пра адукацыю будучага асветніка няма ніякіх звестак.

У 1558—1563 гг. Васіль Цяпінскі прымаў удзел у Інфлянцкай вайне. У 1567 г. служыў таварышам коннай роты аршанскага старосты Філона Кміты-Чарнабыльскага. Пазней будучы асветнік служыў у пратэктара рэфармацыйнага руху падканцлера Вялікага княства Літоўскага Астафія Валовіча, які падтрымліваў выдавецкую і асветніцкую дзейнасць. Аднак сваё прызначэнне Васіль Цяпінскі знайшоў не на вайсковай службе, а на ніве асветы. З яго творчай спадчыны да нас дайшло няшмат: няпоўны пераклад Новага Запавету з рукапіснай “Прадмовай” і каментарамі, а таксама адна старонка “Катэхізіса, або Сумы навукі для дзетак”.

У 1570-я гг. Васіль Цяпінскі на свае сродкі ў сваім родавым маёнтку арганізаваў друкарню, каб выдаваць кнігі на старабеларускай мове. Наважыўшыся надрукаваць Евангелле на дзвюх мовах — царкоўнаславянскай і старабеларускай, Цяпінскі распачаў цяжкую і складаную па тым часе перакладніцкую працу. Ягоны пераклад Евангелля выйшаў каля 1570 года. 62 друкаваныя аркушы Евангелля Васіля Цяпінскага знойдзеныя ў XІX стагоддзі ў рукапісным зборніку. Кніга мае арыгінальную будову: тэкст надрукаваны ў два слупкі на царкоўнаславянскай і старабеларускай мовах. У сваім выданні Васіль Цяпінскі змясціў 210 глос (словаў-перакладаў), якія тлумачылі на палях кнігі незразумелыя ці малазразумелыя словы. Прадмова да Евангелля на 6 аркушах напісана самім асветнікам.

У сваёй прадмове Цяпінскі пісаў, што з-за цяжкага матэрыяльнага становішча і супрацьдзеяння непрыяцеляў, якія здзекваліся з яго шчырага імкнення надрукаваць кнігу, яму давялося выпусціць толькі пісанні святых Мацьвея, Марка і пачатак з Евангелля ад Лукі. Пры перакладзе Евангелля на старабеларускую мову Васіль Цяпінскі абапіраўся на стараславянскія пераклады Святога Пісання, зробленыя паводле падання святымі Кірылам і Мятодам. Выданне Цяпінскага ўпрыгожана наборным арнаментам. Прадмова да “Евангелля” адрозніваецца ад іншых прадмоваў у беларускіх старадруках публіцыстычнай вастрынёй. Васіль Цяпінскі асуджае царкоўную і свецкую знаць, якая абыякава ставіцца да будучыні Айчыны.

У “Прадмове” да Евангелля выдавец пісаў пра сваё прызначэнне служыць беларускаму народу. Ён высока цаніў  “зацный, славный, острий, довстипный” беларускі народ, да якога адносіў і сябе. Занепакоены заняпадам нацыянальнай культуры і асветы, духоўнасці грамадства і звязваючы гэта з агульным заняпадам навукі і маралі, Цяпінскі заклікаў паноў і духавенства дапамагаць паспалітаму люду: адкрываць школы і ўзнімаць навуку «занедбаную». Васіль Цяпінскі дакараў беларускую шляхту, якая ня толькі не дапамагала простаму народу развіваць сваю культуру, але і сама адраклася ад таго, што калісьці было зроблена  «фалебными предками», саромеецца свайго паходжання і мовы.

Васіль Цяпінскі імкнуўся давесці вялікую карысць чытання Евангелля на роднай мове, каб лепш разумець Слова Божае. Сваё выданне Евангелля адрасаваў і дарослым, і дзецям, і кальвіністам, і праваслаўным, і ўсім, хто хоча чытаць Святое Пісанне. Выданнем Евангелля ён ставіў за мэту не толькі спрыяць рэлігійнаму выхаванню, але ўзняць асвету і нацыянальную самасвядомасць беларускага народа. Ён марыў пра школы, у якіх выкладанне вялося б не на лацінскай ці польскай, а на старабеларускай мове, дастаткова багатай для выкарыстання ў навучальных установах. Такім чынам асветніцкая праграма Васіля Цяпінскага была разлічаная на ўздым нацыянальнай культуры, школьнай справы, пісьменства, кнігадрукавання, умацаванне пазіцый беларускай мовы, абуджэнне грамадзянскай актыўнасці беларускага народа, яго гістарычнай і нацыянальнай свядомасці.

Сваё жыццё Васіль Цяпінскі скончыў трагічна. Нядаўна адкрыты ў Цэнтральным гістарычным архіве дакумент Менскага гродскага суда сведчыць, што Васіль Цяпінскі ў сталым веку быў забіты сваімі стрыечнымі братамi ці то ў 1599, ці то на пачатку 1600  года. Матывы гэтага злачынства засталіся невядомыя.

На гэтым час нашай перадачы завяршыўся. Сустрэнемся праз тыдзень на хвалях Ватыканскага радыё. 

Айцец Андрэй Крот








All the contents on this site are copyrighted ©.