2015-03-24 16:28:00

Францішак Скарына (ІІ)


У мінулай перадачы мы пачалі гаворку пра вялікага беларускага асветніка, пісменніка і першадрукара Францішка Скарыну. Мы гаварылі пра тое, што адукацыю ён атрымаў у Кракаўскай акадэміі, абараніў доктарскі дыплом у Падуанскім універсітэце і ў 1513-1516 гадах наведаў Вялікае Княства Літоўскае. У гэты час, як лічаць даследчыкі, Cкарына прыняў рашэнне пачаць кнігадрукаванне.

Не пазней за 1516 год Францішак Скарына прыбыў у Прагу. Тут у 1517-1519 гадах ён распачаў актыўную выдавецкую дзейнасць. 6 верасня 1517 года – выдаў першую друкаваную кнігу на беларускай мове – Псалтыр. У 1519 годзе Скарына выдаў яшчэ 19 кніг Старога Запавету, пад агульнай назвай “Бивлия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славного града Полоцька, Богу ко ч(ес)ти и людем посполитным к доброму научению”.

Мову гэтага выдання даследчыкі акрэсліваюць як беларускую рэдакцыю царкоўнаславянскай мовы. Яна ўтрымлівае вялікую колькасць беларускіх словаў. Біблія Скарыны стала чацвёртым перакладам Святога Пісання на жывую мову (пасля нямецкага, італьянскага і чэшскага перакладаў), і другім перакладам на славянскую мову. Аднак гэта не была звычайная гутарковая мова, а мова кніжная, высокага стылю. Свой пераклад Францішак Скарына рабіў на падставе Вульгаты (гэта значыць, перакладу Бібліі на лацінскую мову, зробленага на мяжы 4 і 5 стагоддзяў святым Еранімам) і чэскай Бібліі 1506 года. Карыстаўся асветнік і старажытна-габрэйскімі тэкстамі, і, безумоўна, царкоўна-славянскім перакладам Святога Пісання.

“Біблія” Скарыны багата аздоблена ініцыяламі, арнаментам і ілюстрацыямі. На палях кнігі некаторыя архаічныя царкоўна-славянскія словы Скарына тлумачыў “рускай мовай”. Іншыя заўвагі на палях павінны былі падкрэсліць духоўнае адзінства Святога Пісання. Да асобных кніг Бібліі Скарына пісаў прадмовы і “сказанні”. У пражскіх выданнях нашага першадрукара мы знаходзім 21 прадмову і 4 “сказанні”, у пазнейшых, віленскіх – 2 прадмовы і 21 “сказанне”. Пра гэтыя жанры і творы мы пагаворым у наступнай праграме.

У 1520 годзе асветнік пераехаў у Вільню, і там працягваў кнігадрукаванне. Віленскія выданні асветніка былі больш звязаныя з традыцыйнай беларускай і ўсходне-славянскай кніжнасццю, яны выдаваліся на царкоўна-славянскай мове. Друкарня Францішка Скарыны месцілася ў доме бурмістра Якуба Бабіча каля віленскага Рынку. У 1522 годзе тут выйшла “Малая падарожная кніжка” – малітоўнік на розныя нагоды. “Малая  падарожная кніжка” складаецца з 23 частак. У яе ўвайшлі Псалтыр, Часасловец, 8 акафістаў, 10 канонаў, “Шасцідневец” (малітоўнае правіла Усходняй Царквы на шэсць дзён тыдня), “Саборнік” які складаўся з Пасхаліі і сціслых Святцаў (гэта значыць, каляндар рухомых і нерухомых святаў). Некаторыя яе часткі, магчыма, выходзілі пазней асобнымі выданнямі. Частка твораў, змешчаных у “Малой падарожнай кніжцы”, напісана самім Скарынам.

У 1525 годзе першадрукар выдаў “Апостал” (частку Новага Запавету – Дзеі і лісты святых Апосталаў).

Жывучы ў Вільні, Скарына з сярэдзіны 20-х гадоў выконваў функцыі сакратара віленскага біскупа Яна і займаўся медыцынскай практыкай. У гэты ж час першадрукар ажаніўся з Маргарытай, удавой віленскага радцы Юрыя Адверніка. Скарына жыў у яе камяніцы на Нямецкай вуліцы, непадалёк ад палаца князёў Слуцкіх. Звестак пра тое, што Скарына меў уласны дом, няма, таму навукоўцы робяць выснову, што ўсе свае сродкі ён траціў на кнігадрукаванне.

Як лічаць даследчыкі, у канцы 20-30 гадоў 16 стагоддзя Францішак Скарына з мэтай распаўсюду сваіх выданняў быў у Маскве, аднак сутыкнуўся з незразуменнем і падазронасццю, і яго кнігі былі спаленыя. У 1530 годзе Скарына наведаў Кёнігзберг і прускага герцага Альбрэхта, магчыма таму, што ў яго дзяржаве выбухнула эпідэмія, і Скарына, як высокакваліфікаваны лекар аказваў дапамогу хворым. Паводле іншых меркаванняў, увагу герцага прыцягнула асветніцкая і выдавецкая дзейнасць Скарыны.

З канца 1520-х гадоў Скарыну пераследуюць няўдачы. Памерлі амаль усе айчынныя апекуны яго пачынанняў. У Вільні пачаліся працэсы з-за нерухомасці жонкі Скарыны, а за даўгі брата Івана Францішак нават адсядзеў некалькі месяцаў у познанскай турме. Апякун асветніка, віленскі біскуп Ян, у 1536 годзе быў пераведзены ў Познань, дзе неўзабаве памёр. Усе гэтыя абставіны паўплывалі на тое, што Францішак Скарына пакінуў Вялікае Княства Літоўскае. У канцы 30-х гадоў ён вярнуўся ў Прагу. Там вучоны працаваў садоўнікам у каралеўскім парку на Градчанах. У сталіцы Чэхіі і скончыу сваё жыццё наш першадрукар.

Дакладны час смерці Францішка Скарыны невядомы. Верагодна, гэта здарылася ў 1551 годзе, бо ў 1552 годзе сын асветніка Сімяон атрымаў ад чэшскага караля прывілей на права атрымання спадчыны бацькі. Месца пахавання нашага вялікага земляка таксама невядомае.

На гэтым час нашай перадачы сканчаецца. У наступай праграме мы пяройдзем да разгляду твораў Францішка Скарыны. А вам я жадаю любові да Святога Пісання, якой адзначаўся наш Перашадрукар.

Айцец Андрэй Крот








All the contents on this site are copyrighted ©.