2015-03-24 16:37:00

Мікола Гусоўскі


У мінулых праграмах мы гаварылі пра беларускага асветніка, першадрукара і пісменніка Францішка Скарыну. Сёння звернемся да творчасці яго сучасніка – паэта Міколы Гусоўскага. Беларуская літаратура – гэта не толькі творы, напісаныя па-беларуску. Многія нашыя пісьменнікі стваралі альбо на  мовах іншых народаў (рускай, польскай і г.д.), альбо на старажытных мовах – царкоўна-славянскай, лацінскай. Паэта Міколу Гусоўскага, які пісаў на польскай і лацінскай мовах, даследчыкі таксама адносяць да беларускіх пісьменнікаў.

Мікола Гусоўскі быў сучаснікам Францішка Скарыны. Ён нарадзіўся ў 70-я гады 15-га стагоддзя ў вёсцы Уса альбо Усава ў цэнтральнай Беларусі (дакладнае месцазнаходжанне не вызначанае з-за недахопу дакументальных крыніц). Даследчыкі лічаць, што будучы паэт паходзіў з сям’і паляўнічага.

Пачатковую адукацыю Мікола Гусоўскі атрымаў у катэдральнай альбо парафіяльнай школе, а пазьней вучыўся ва ўніверсітэтах Балоніі і Кракава. Магчыма, атрымаўшы адукацыю Гусоўскі прыняў таксама святарскія свячанні, бо ў тастамэнце Софьі Гальшанскай, які паэт заверыў у 1518 годзе ў Воўпе пад Ваўкавыскам, ён называе сябе клірыкам Перамышльскай епархіі.

Важную ролю ў жыцці Міколы Гусоўскага адыграла знаёмства з Эразмам Цёлкам (альбо Вітэліем). Гэты мецэнат займаў пасаду сакратара вялікакняскай канцэлярыі, пробашча і каноніка Віленскай капітулы, а з 1503 года – плоцкага біскупа. У 1518-1522 гадах у складзе польска-літоўскай дыпламатычнай місіі, якую ўзначальваў Вітэлій, Мікола Гусоўскі накіраваўся ў Аўсбург – сталіцу Свяшчэннай Рымскай імперыі да імператара Максімільяна І, а потым - у Рым, да двара папы Льва Х Медычы. Тут Мікола Гусоўскі стварыў у 1521 годзе свой лепшы твор «Саrmеn dе stаturа fеrіtаtе ас vеnаtіоnе bіsоntіs» («Песня пра постаць, дзікасць зубра і паляванне на яго»).

Твор быў напісаны на лацінскай мове па замове Папы, які захацеў больш даведацца пра Вялікае Княства Літоўскае і незвычайнага звера — зубра, які вадзіўся там у лясах. Сын вялікакняскага лесніка, Мікола Гусоўскі з веданнем справы, падрабязна і дэталёва апісаў постаць, звычкі і паводзіны зубра, а таксама паляванне на яго. Аднак Мікола Гусоўскі не быў бы сапраўдным паэтам, калі б спыніўся толькі на гэтым. Паэма стала песняй аб сваім краі і народзе, роздумам пра лёс Радзімы, пра яе месца ў гісторыі.

Упершыню паэма была надрукавана ў 1523 годзе ў кракаўскай друкарні Ераніма Віетэра ў зборніку “Песня пра зубра”, куды ўвайшлі празаічнае прысвячэнне, паэма і 11 вершаў, напісаных пераважна ў рымскі перыяд. У прысвячэнні, адрасаваным каралеве Боне, паэт прасіў яе ўзяць на сябе дзяржаўнае апякунства над таленавітымі і спрактыкаванымі ў навуцы і мастацтве людзьмі.

У паэме Мікола Гусоўскі заклікае хрысціянскія народы Еўропы да яднання і сяброўства перад пагрозай турэцкага і татарскага нашэсця, праслаўляе свабодную і мужную асобу, заклікае спыніць войны паміж хрысціянамі.

Аўтар імкнуўся ўславіць усё тое, з чым у яго свядомасці асацыіруецца вобраз яго роднай зямлі, яе прыгажосць і непаўторнасць. Напрыклад, багатыя беларускія лясы. Аднак разам з хараством беларускай прыроды Гусоўскі паказвае і забабоны свайго народу ( веру ў ведзьмакоў і русалак), пасіўнасць і пакорлівасць лёсу.

Адзін с галоўных герояў “Песні пра зубра” – князь Вітаўт. Яго аўтар паказвае як сапраўднага патрыёта, вернага традыцыям, праўдзівага і справядлівага, выдатнага кіраўніка дзяржавы. Князь Вітаўт паўстае як ідэал дзяржаўнага ўладара.

Княжанне Вітаўта – гэта час гераічных спаборніцтваў, у якіх кожны чалавек меў шанец на подзвіг і сцвярджэнне сваёй годнасці. І гэтыя паляванні-спаборніцтвы ўслаўляюцца, як сапраўдная школа ваеннага выхавання, а мужнага і моцнага духам князя аўтар параўноўвае з самім зубрам.

Гусоўскі апісвае і пабожнасць Вітаўта, звяртаючы ўвагу на тое, што «ён быў набожны і першы з народамі княства сам ахрысіціўся», «цэрквы Богу адзінаму скрозь будаваў».

Паэма заканчваецца малітвай да Багародзіцы, у якой Мікола Гусоўскі просіць яе, каб супакой запанаваў на нашай зямлі:

Як пад матулі крыллём мае схоў птушанятка,

Гэтак звяртаемся й мы пад Тваё апякунства,

І як дзіця – немаўля маці туліць і песціць,

Так утулі Ты і нас, Твае дзеці, што гінуць,

О найсвяцейшая, чыстая Панна Марыя!

Акрамя “Песні пра зубра”, да нас дайшлі яшчэ 2 твора Міколы Гусоўскага. У 1524 годзе за адзін дзень ён напісаў паэму “Новая і слаўная перамога над туркамі ў ліпені месяцы”, дзе апявае перамогу паспалітага рушэння каля памежнай крэпасці Церабоўля.

Яшчэ адзін паэтычны твор Міколы Гусоўскага – “Жыццё і подзвігі святога Гіяцынта”. Паэма напісаная ў 1525 годзе да беатыфікацыі манаха-дамініканіна Гіацынта (Яцка) Адравонжа, які жыў у 12-13 стагоддзях. У ёй паэт апявае хрысціянскі подзвіг святога Яцка і веліч ідэалаў хрысціянскай маралі.

Звестак пра жыццё Міколы Гусоўскага захавалася надзвычай мала. Даследчыкі лічаць, што памёр паэт пасля 1533 года.

На гэтым час нашай перадачы падыйшоў да завяршэння. Я віншую вас, дарагія слухачы са святам Нараджэння Госпада нашага Ісуса Хрыста!

Айцец Андрэй Крот








All the contents on this site are copyrighted ©.