2015-03-23 15:45:00

Францішак Скарына (І)


ХVI стагоддзе – эпоху адраджэння, рэфармацыі, бурлівага палітычнага і інтэлектуальнага жыцця – называюць “залатым векам” беларускай гісторыі. Амаль на самым пачатку гэтага стагоддзя мы, беларусы, першыя з усходніх славян, атрымалі друкаваную кнігу. За гэта мы павінны быць удзячныя нашаму першадрукару, асветніку-гуманісту, пісменніку, грамадскаму дзеячу, прадпрымальніку, вучонаму-медыку, імя якога вядомае кожнаму з нас яшчэ са школьнай парты. Гэта Францішак Скарына. Ён пражыў жыццё, падобнае на прыгодніцкі раман. Францішак Скарына апярэдзіў свой час настолькі, што, на думку некаторых даследчыкаў, бліжэй па духу нам, людзям пачатку 21 стагоддзя, чым сваім сучаснікам.

Дакладная дата нараджэння Францішка Скарыны невядомая. Даследчыкі лічаць, што нарадзіўся ён каля 1490 года. Прозвішча “Скарына”, паводле навукоўцаў, паходзіць ад старажытнага слова “скора” (скура) ці “скорінка” (скарынка). Пра яго сям’ю вядома з канца 15 стагоддзя: бацька Лук’ян Скарына згадваецца ў спісе расійскіх пасольскіх прэтэнзій да полацкіх купцоў у 1492 годзе. Брат асветніка, купец Іван, узгадваецца ў каралеўскім дэкрэце, дзе называецца адначасова і віленскім мяшчанінам, і палачанінам.

Напрацягу другой паловы 19-20 стагоддзяў сярод даследчыкаў, асабліва расійскіх і беларускіх, існавала гіпотэза, што беларускі першадрукар меў падвойнае імя – “Георгій Францішак”. Некаторыя нават казалі, што Скарына, які атрымаў падчас хросту ў праваслаўнай царкве імя Георгій, мусіў змяніць яго на каталіцкае “Францішак”, каб паступіць у Кракаўскую акадэмію. Гэтая тэорыя ня вытрымлівае крытыкі, паколькі імя Георгій ужываецца і ў каталікоў, а падчас навучання Скарыны ў Кракаўскай акадэміі, там хапала студэнтаў з  гэтым іменем. Версія пра падвойнае імя Скарыны грунтуецца толькі на адной узгадцы, якая паходзіць з дакументаў Познаньскага суда, дзе ў адной з копій пісар, замест лацінскага слова “egregius” (што значыць “які паходзіць”), памылкова напісаў “georgius”. Нідзе болей, нават у тым самым дакуменце, “другое імя” Скарыны не ўжываецца.

Першыя гады Скарыны прайшлі ў буйнейшым горадзе Беларусі, здаўна вядомым сваімі палітычнымі, культурнымі і канфесійнымі традыцыямі, а таксама міжнароднымі сувязямі.

Верагодна, першапачатковую адукацыю Францішак Скарына атрымаў у родным Полацку. Пазней працягваў адукацыю альбо на радзіме, альбо ў Вільні. Падчас навучання будучы асветнік авалодаў лацінскай мовай, што было неабходнай умовай атрымання вышэйшай адукацыі ў тыя часы. У зімовы семестр 1504 года Францішак Скарына паступіў у Кракаўскую акадэмію (сёння – кракаўскі Ягелонскі універсітэт) на факультэт вольных мастацтваў або філасофіі. Кракаўская акадэмія славілася як адзін з асноўных цэнтраў еўрапейскай астраноміі, матэматыкі, прававых і гуманітарных навук. Працы прафесараў акадэміі рэгулярна публікаваліся ў кракаўскай друкарні Я. Галера. Даследчыкі ўпэўненыя, што менавіта падчас навучання ў Кракаве наш будучы першадрукар зразумеў асветніцкія і навучальныя магчымасці кнігадрукавання.

Праз два гады пасля паступлення ў акадэмію (а гэта мінімальны тэрмін для навучэнцаў філасофскага факультэта) Скарына вытрымаў экзамен на ступень бакалаўра вольных мастацтваў. Невядома, дзе малады вучоны знаходзіўся з 1507 па 1512 год. Некаторыя даследчыкі выказваюць меркаванне, што ў гэты час ён навучаўся ў Празе і там атрымаў ступень магістра філасофіі, іншыя дапускаюць, што магістарскі дыплом ён атрымаў у Кракаве. Магчыма, частку гэтага перыяду асветнік правёў у Капенгагене.

У 1512 годзе наш зямляк прыбыў у Італію, у горад Падуя. Запіс у актах Падуанскага універсітэта гаворыць пра тое, што Скарына быў сакратаром “караля Дыцыі”. Даследчыкі маюць дзве версіі, што гэта за краіна. Адны гавораць, што гэта магла быць Валахія – частка сучаснай Румыніі, якая часамі называлася “Дакіяй” – ад назвы старажытнага племяні дакаў. У Валахіі акурат у гэты час зараджалася кірылічнае кнігадрукаванне. Аднак больш верагодным лічаць, што Дацыя – гэта Данія, стасункі Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага з якой ажыўляюцца акурат на пачатку 16 стагоддзя. У 1509 годзе для падпісання дамовы Данію наведала пасольства Польскага караля і вялікага князя літоўскага Жыгімонта І. Існуе меркаванне, што ў склад гэтага пасольства мог уваходзіць малады вучоны Францішак Скарына. Чалавек, які ведаў старажытнабеларускую мову – дзяржаўную мову Вялікага Княства, мог быць карысным для дацкага караля і застацца ў яго на працы.

У Падую Скарына прыбыў, каб набыць ступень доктара медыцыны. Падуанскі універсітэт у 1509-1516 гадах з-за ваенных дзеянняў у Італіі быў практычна зачынены. Таму медыцынскую адукацыю Францішак Скарына мог атрымаць і ў Кракаве, дзе дзейнічалі дзве кафедры медыцыны, аднак яны не мелі права даваць доктарскія дыпломы. Даследчыкі не выключаюць, што медыцынскую адукацыю Скарына атрымаў у Італіі.

11 лістапада 1512 года, у прысутнасці калегіі дактароў і прафесараў падуанскага ўніверсітэта, архібіскупа, студэнтаў, жыхароў Падуі і Вероны, Францішак Скарына бліскуча абараніў ступень доктара медыцынскіх навук.

Перыяд з 1513 па 1516 гады ў жыцці Скарыны не асветлены дакументальнымі звесткамі. Аднак даследчыкі лічаць, што менавіта тады асветнік прыняў рашэнне пачаць кнігадрукаванне. Не выклікае сумненняў, што Скарына наведаў у гэты час Вялікае Княства Літоўскае – Вільню, Полацк, іншыя гарады. На радзіме будучы першадрукар атрымаў падтрымку ў сваім пачынанні з боку землякоў – беларускіх купцоў і членаў віленскага магістрата. На гэтым час нашай перадачы сканчаецца. Праз тыдзень мы пагаворым больш падрабязна пра выдадзеныя Францішкам Скарынам кнігі, і напісаныя ім прадмовы да асобных кніг Бібліі.

Айцец Андрэй Крот








All the contents on this site are copyrighted ©.