2015-03-23 15:34:00

Святы Кірыла Тураўскі (ІІ)


У мінулай перадачы мы распачалі гаворку пра першага беларускага пісьменніка – святога Кірылу Тураўскага. Мы ўзгадалі, што Тураў, дзе нарадзіўся святы, быў буйным старажытнабеларускім горадам на важным гандлёвым шляху з Балтыйскага мора ў Чорнае. Гэты горад знаходзіўся пад культурнымі ўплывамі Скандынавіі, Заходняй Еўропы і Візантыі. У Тураве знаходзіўся адзін з першых біскупскіх пасадаў на Беларусі, а ў часы Кірылы Тураўскага гэта быў значны культурны цэнтр.

Святы Кірыла нарадзіўся паміж 1110 і 1130 годам. З самай маладосці Кірыла вырашыў прысвяціць сваё жыццё Богу і паступіў у манастыр св. Міколы. Там будучы біскуп вёў суровае аскетычнае жыццё, поўнае малітвы і посту. Сваёй пабожнасцю і вучонасцю, ён звярнуў на сябе ўвагу тураўцаў. Да Кірылы пачалі прыходзіць за парадамі, і ён не адмаўляўся дапамагчы людзям. У сваіх павучаннях Кірыла асабліва падкрэсліваў неабходнасць унутраных цнотаў, пакоры і паслухмянасці, а не вонкавага аскетызму.

Аднак будучы святы прагнуў большай самоты. Пражыўшы некаторы час у манастыры, Кірыла пачаў новы подзвіг – стоўпніцтва. Па словах жыццяпісца, ён “увайшоў на стоўп і там зачыніўся”. Стоўпніцтва – гэта форма аскетычнага жыцця, распаўсюджаная на хрысціянскім усходзе яшчэ ў V стагоддзі. Манахі, якія прагнулі самоты, будавалі сабе келлі на платформе, што ўзвышалася над зямлёю на слупах (адсюль іх назва – стоўпнікі, па-грэцку стыліты). Кліматычныя ўмовы Беларусі не дазвалялі весці класічнае стоўпніцкае жыццё, таму Кірыла, верагодна, проста зачыніўся ў слупападобнай вежы.

Гэты перыяд быў для Кірылы часам інтэнсіўнай духовай і інтэлектуальнай дзейнасці. Па словах жыццяпісца, святы “яшчэ больш стамляў сябе пастом і малітвамі, і паясняў шматлікія святыя пісанні”. Вельмі магчыма, што ў гэты час ён напісаў свае малітвы і каноны, а таксама творы пра духоўнае жыццё. Існуе гіпотэза, што Кірыла ў апошнія гады манаства быў ігуменам, бо звяртаўся з павучэннямі да манахаў. Акрамя таго, паводле звычая  біскупам мог стаць толькі ігумен манастыра.

Так ці інакш, Кірыла быў настолькі вядомы, што, калі памёр Тураўскі біскуп Юры, князь і народ прасілі мітрапаліта прызначыць на гэты пасад Кірылу. Час біскупства стаў для яго часам напружанай душпастырскай і пісьменніцкай дзейнасці. Кірыла напісаў навукі на тэмы Евангельля і прарокаў, казанні на Гасподнія святы, малітвы і пахвалы многім святым і шмат іншых твораў.  Усё напісанае біскуп, па словах жыццяпісца, перадаў Царкве, якая “захавала іх да сённяшняга дня для суцяшэння і навучання верных усея Русі”.

Кірыла Тураўскі актыўна ўдзельнічаў у справах усёй Кіеўскай мітраполіі. У 60-ыя гады ХІІ стагоддзя паўстаў раскол з-за нейкага Тодара, альбо Тодарца. Непасрэдна ад Канстантынопальскага патрыярха, мінуючы кіеўскага мітрапаліта, Тодар подступам атрымаў прызначэнне на Растоўскі пасад. Кіеўскі мітрапаліт адлучыў Тодара ад Царквы і забараніў усялякія зносіны з ім. У адказ той пачаў ганенні на сваіх супраціўнікаў і прапаведаваў ерась.

Тодара спачатку падтрымліваў вялікі князь Уладзімірскі Андрэй Багалюбскі, які імкнуўся да стварэння ў сваёй дзяржаве незалежнай царкоўнай правінцыі. Але пазьней князь пачаў шукаць прымірэння з мітрапалітам, арыштаваў Тодара і выслаў яго ў Кіеў на мітрапалічы суд, дзе Тодара асудзілі і пакаралі лютай смерцю ў траўні 1169 года.

У справе Тодара Кірыла Тураўскі перш за ўсё бараніў біскупскую годнасць. У “Сказе пра душу і цела, альбо пра кульгавага і сляпога” ён выступае супраць тых, хто недастойна прагне біскупства. Кірыла вёў перапіску з князем Андрэем Багалюбскім, якая, нажаль, ня знойдзеная. Магчыма, у сваіх лістах святы дакараў князя за ягоныя нягодныя ўчынкі і за разбурэнне царкоўнай еднасці.

Невядома, у якім годзе святы Кірыла скончыў сваё зямное жыццё. Паводле летапісу, на пастрыжэнні новага ігумена Кіева-Пячэрскай Лаўры Васіля ў 1182 годзе быў прысутны Тураўскі біскуп Лаўрэн. Гэта значыць, што святога ўжо не было ў жывых, альбо ён адрокся ад біскупства і вярнуўся ў манастыр.Такія нешматлікія звесткі мы маем пра жыццё святога Кірылы Тураўскага.

Творчасць св. Кірылы Тураўскага

А зараз звернемся да літаратурнай творчасці святога. Па-першае, варта ўзгадаць яго творы, прысвечаныя манаскаму жыццю. Гэта “Прыповесць пра бесклапотнага цара” і “Сказ аб манаскім стане ад Старога і Новага Запаветаў, паколькі манах носіць у сабе вобраз першага і робіць учынкі другога”. У гэтых творах надпрыродныя праўды святы імкнецца патлумачыць праз іншасказальныя вобразы. Такі алегарычны метад тлумачэння быў шырока распаўсюджаны ў тыя часы.

“Прыповесць пра бесклапотнага цара” распавядае пра велімі добрага і літасцівага уладара, які ў адным толькі быў неразумны: не баяўся закалотаў у сваім горадзе і не меў падрыхтаванай збройнай сілы. Аднаго разу паўстаў у тым месцы вялікі закалот і напалоханы цар з дарадцамі пайшоў шукаць таго, хто ўзняў бунт. Адзін мудры дарадчык прывёў цара да вялікай гары, дзе было шмат рознай зброі. Там, ва ўтульнай пячоры жыў вельмі бедны мужчына. Ягоная жонка спявала яму салодкую песню. Нехта высокі і прыгожы стаяў перад бедаком на цвёрдым камені, даваў яму есці і чэрпаў віно. Цара ўразіла, што такое беднае жыццё мае ў сабе больш радасці, чым яго магутны стан.

Святы Кірыла тлумачыць прыповесць такім чынам: “Горад… гэта людское цела… Цар – розум, які кіруе целам.. Вялікі закалот у горадзе – нечаканае няшчасце: хвароба, калецтва, паводка, крыўда ад свецкіх уладаў… Гара – манастыр, а ў ім духоўная зброя: пост, малітва, слёзы (жалю за грахі), устрыманасць, чысціня, любоў, пакора, працавітасць, цярплівасць… Мужчына, які жыве ў беднасці, – гэта ўвесь манаскі стан… Жонка, што сядзіць побач і спявае салодкую песню – неадлучная памяць пра смерць, а прыгожы мужчына на цвёрдым камені – гэта сам Хрыстос… Ён корміць і чэрпае віно, гэта значыць, дае верным сваё пачэснае Цела для адпушчэння грахоў і святую Кроў для жыцця вечнага”.

Алегарычны метад Кірыла выкарыстоўвае і ў “Сказе аб манаскім стане”. Напрыклад, манаха ён параўноўвае са старазапаветным ахвярным ягнём, якое не можа быць карослівым, кульгавым, сляпым ці параненым. Паводле тлумачэння святога, кароста – гэта грахі, кульгавасць – прывязанасць да рэчаў гэтага свету, слепата –самалюбнае жыццё.

Аскетычныя творы св. Кірылы сёння падаюцца залішне суровымі. Складаецца ўражанне, што пачуццё страху Божага ў Кірылы пераважае над любоўю, але ў гэтым ён быў толькі верны традыцыям Візантыйскай духоўнасці. Асабліва блізкай Кірыле Тураўскаму была духоўнасць святога Тэадора Студыта. Ягоныя правілы манаскага жыцця вызначаліся вымаганнямі строгай, але разумнай дысцыпліны і безумоўнай паслухмянасці.

Сам Кірыла не прэтэндаваў на арыгінальнасць, аднак ягоныя творы дастаткова цікавыя, каб забяспечыць аўтару пачэснае месца сярод іншых духоўных пісьменнікаў.

Духоўнае аблічча Кірылы Тураўскага нідзе не выяўляецца так яскрава, як у ягоных малітвах. Малітвы святога – “келейныя”, гэта значыць прызначаныя для прыватнага ўжытку. Іх трыдцаць, па некалькі на кожны дзень тыдня, у іх захаваны парадак тыднёвага літургічнага кола Усходняй Царквы. Большасць малітваў скіраваныя да Бога ў Тройцы адзінага і да Госпада Ісуса Хрыста. Хоць  малітвы св. Кірылы галоўным чынам пакутныя, у іх няма зняверанасці ці роспачы. Наадварот, яны поўныя хрысціянскага аптымізму, што трывае на веры ў бязмежную Божую міласэрнасць. Таму глыбокі і шчыры жаль за грахі спалучаецца ў іх з ціхай душэўнай радасцю.

У наступнай праграме мы пагаворым пра гімнаграфічную спадчыну святога Кірылы, ягоныя казанні альбо “словы” і ўплыў тураўскага біскупа на беларускую культуру.

Айцец Андрэй Крот








All the contents on this site are copyrighted ©.