2015-03-23 15:29:00

Святы Кірыла Тураўскі (І)


У межах рубрыкі “Хрысціянства і літаратура” мы пачынаем новы цыкл перадач “Хрысціянства і беларуская літаратура”. Падчас нашых сустрэч мы будзем знаёміцца з творчасцю беларускіх пісьменнікаў: старажытных і сучасных, знакамітых і малавядомых. І перадусім звернем увагу на хрысціянскія матывы ў іх творчасці.Беларуская літаратура налічвае амаль тысячу гадоў. Цягам гэтага часу паўсталі тысячы твораў. Яны дапамагалі сучаснікам і дапамагаюць нам адказаць на важныя для кожнага пытанні пра сэнс і мэту чалавечага жыцця, існаванне зла і пакутаў, пра месца нас, беларусаў, у сусветнай гісторыі.

Святы Кірыла Тураўскі

Першым беларускім пісьменнікам, імя якога захавалася ў гісторыі, з’яўляецца святы Кірыла Тураўскі. Пра яго і пойдзе гаворка ў бліжэйшых перадачах нашай рубрыкі.

Манах-аскет, ахвярны пастыр, таленавіты пісьменнік і прапаведнік, “другі Залатавусны”, як называлі Кірылу за красамоўства, стаўся адным з найбольш вядомых усходне-славянскіх духоўных дзеячаў ХІІ стагоддзя. Паводле даследчыка яго творчасці а. Аляксандра Надсана, Кірыла Тураўскі быў выдатным, хоць і не вельмі арыгінальным багасловам у часы, калі багаслоўская думка ў нашай краіне рабіла першыя нясмелыя крокі. Той самы даследчык называе яго найбольш значным з усіх ранніх беларускіх пісьменнікаў і першым вядомым беларускім паэтам. Вялікая колькасць захаваных рукапісаў сведчыць пра папулярнасць святога Кірылы не толькі  сярод беларусаў, але ва ўсім славянскім свеце ад Ноўгарада да Сербіі і Балгарыі.

Тураўская зямля ў эпоху св. Кірылы

Каб зразумець феномен святога Кірылы, варта хаця б агульна акрэсліць гістарычны кантэкст, у якім ён з’явіўся. Старажытны беларускі горад Тураў ляжыць на Прыпяці недалёка ад месца, дзе ў яе ўпадае Случ. У сярэднявеччы гэта быў вельмі важны гандлёвы шлях з Балтыйскага мора ў Чорнае па Нёмане, Случы, Прыпяці і Дняпры, таму горад пастаянна адчуваў на сабе ўплыў і заходняй, і візантыйскай культуры.

Да канца Х стагоддзя Тураў быў цэнтрам племяннога саюза дрыгавічоў. Назву горада легенда выводзіць ад імя правадыра гэтага племені Тура. Некаторыя даследчыкі лічаць яго рэальнай постаццю, ёсць нават здагадкі пра яго скандынаўскае паходжанне (імя “Тур” нібы паходзіць ад імя бога Тора).

Пішуць пра шырокія сувязі Турава са Скандынавіяй, і нават Ірландыяй, на што ўказвае культ каменных крыжоў, якія, паводле падання, прыплылі па Прыпяці. Мы ўзгадалі пра гэта, бо скандынаўскія ўплывы можна знайсці і ў творчасці св. Кірылы.

Тураў ад пачатку сваёй гісторыі вызначаўся незалежніцкімі тэндэнцыямі, а таксама адкрытасцю на заходнія ўплывы.

У канцы Х стагоддзя горад уваходзіць у склад дзяржавы Ўладзіміра Вялікага, які аддае яго сыну Святаполку, пазней празванаму “Акаянным”. Некаторыя даследчыкі робяць з гэтага выснову пра важнае значэнне горада, а іншыя лічыць гэты факт хутчэй адзнакай няміласці, бо на бедным Палессі сыну вялікага князя цяжка было б сабраць моцнае войска. Святаполк ажаніўся з дачкой польскага караля Баляслава Харобрага. Разам з княгіняй у Тураў прыязджае лацінскі біскуп Рэйнберн. Святаполк, непакорны сын, пэўна пачаў рыхтаваць паўстанне супраць Уладзіміра, але той, даведаўшыся пра гэта, схапіў Святаполка з жонкай, а таксама Рэйнбэрна і увязніў іх у Кіеве. Біскуп памёр у зняволенні, існуе думка пра тое, што менавіта ён быў іныцыятарам бунту.

Тураўскія князі мелі сувязі з Візантыяй. Барбара, жонка Святаполка ІІ, які княжыў з 1087 да 1093 у Тураве, а пасля заняў Кіеў, была грэцкаю княжною. Пасля смерці мужа яна пасялілася ў Тураве і заснавала там жаночы манастыр св. Барбары.

Доўгі час Тураў знаходзіўся ў залежнасці ад Кіева. Аднак год 1157 быў годам вялікіх падзей для Турава. У гэтым годзе князь Юры Яраслававіч, унук Святаполка ІІ, захапіў горад і абвясціў яго незалежным. Два разы кіеўскія князі разам з саюзнікамі хадзілі на Тураў, але жыхары горада добра баранілі сваю незалежнасць. Прыкладна ў гэты час святы Кірыла пачынае сваю дзейнасць у якасці біскупа. Дарэчы, у Тураве быў адзін з першых біскупскіх пасадаў на Беларусі. Першым тураўскім біскупам з 1005 года быў Тамаш. Потым напрацягу некалькіх стагоддзяў няма ніякіх звестак пра тураўскую епархію. Магчыма, з-за падзей, звязаных з палонам Святаполка І, перарываецца існаванне тураўскага біскупства аж да ХІІ стагоддзя.

Жыццярыс святога Кірылы Тураўскага

Вось у такім горадзе нарадзіўся вялікі мысляр Кірыла Тураўскі. Няма адзінага меркавання што да даты нараджэння святога. Паводле а.А.Надсана, Кірыла нарадзіўся каля 1130 году. Іншы даследчык - Мельнікаў ніжнюю граніцу нараджэння святога абмяжоўвае 1110 годам. Нажаль, захавалася няшмат вестак пра яго дзяцінства. Ягоны жыццярыс, які а.Надсан адносіць да ХІV стагоддзя, называе будучага святога сынам багатых бацькоў. Мельнікаў, беручы пад увагу вялікую адукаванасць Кірылы, робіць смелую выснову, што ён мог быць нават сынам тураўскага князя Яраслава Святаполчыча, сына Святаполка ІІ. Наўрадці так магло быць на самой справе. Тураў у ХІІ стагоддзі быў значным культурным цэнтрам: там быў біскупскі пасад і некалькі манастыроў, таму адукацыю на высокім узроўні мог атрымаць не толькі княскі сын. Аднак цалкам верагодным лічым сцвярджэнне, што аб арыстакратычным паходжанні свяціцеля сведчаць яго адметнае выхаванне і адукацыя, духоўная кар’ера і далейшыя адносіны з уладатрымальнікамі.

Дакладна нам вядома толькі тое, што ў 1169 годзе Кірыла быў ужо біскупам. Пэўна, у гэтым часе ён меў ужо 40 год, а можа і больш.

У наступнай перадачы мы пагаворым пра гісторыю жыцця святога Кірылы, пра яго манаскі подзвіг, біскупскае служэнне і актыўную дзейнасць у справе пераадолення расколу ў Кіеўскай мітраполіі. Мы засяродзімся на некаторых ягоных духоўных творах: павучаннях пра аскетычнае жыццё і малітвах.

Айцец Андрэй Крот








All the contents on this site are copyrighted ©.