2015-03-23 13:36:00

Пантыфік: дзе няма міласэрнасці – няма справядлівасці


Дзе няма міласэрнасці – там няма справядлівасці, адзначыў папа Францішак 23 сакавіка 2015 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У цэнтры ўвагі Святога Айца чарговы раз знаходзіліся асобы сапсаваныя прывязанасцю да літары закона, юрлівасці, багаццяў і прэстыжу. Каментуючы літургічныя чытанні аб фальшыва асуджанай жанчыне і прабачэнні Езусам грэшніцы, якую злавілі на чужалостве, Францішак адзначыў, што гэтыя постаці – разам з постацю евангельскай беднай удавы – уяўляюць сабой алегарычны вобраз Касцёла: Касцёла святога, грэшнага і патрабуючага.

Суддзі, якія асуджалі жанчыну, што была злоўлена на чужалостве (Ян 8,1-11), паводле Папы, мелі сэрцы сапсаваныя цвёрдай прывязанасцю да літары закона. “Яны не былі святымі, але сапсаванымі, таму што такая цвёрдасць можа развівацца толькі ў тых, хто вядзе падвоеннае жыццё”, - лічыць Папа. Два старыя суддзі з кнігі прарока Даніэля (13,41с-62), якія несправядліва сведчылі супраць нявінаватай Зузаны, на думку Францішка, былі сапсаванымі юрлівасцю. З гадамі гэта сапсаванасць становіцца ўсё мацней і мацней, заўважыў ён. Францішак узгадаў таксама пра неспавядлівага суддзю з Евангелля паводле св. Лукі (18, 1-8), якога была вымушана доўга прасіць аб дапамозе бедная ўдава. Яго, паводле Папы, не цікавіў ніхто, акрамя самога сябе. Ён быў дзялком, сапсаваным грашыма і прэстыжам.

Усіх гэтых суддзяў – дзяльцоў, юрліўцаў і закачанелых у прывязанасці да літары закона – сапсаванасць зводзіла ўсё далей ад разумення міласэрнасці і ад быцця міласэрнымі, лічыць Папа. Менавіта ад гэтага, на яго думку, найбольш пакутавалі тры біблійныя жанчыны. “Таксама і сёння, народ Божы, калі сустракаецца з такімі суддзямі, пакутуе ад недахопу міласэрнасці, як у грамадзянскай сферы, так і ў касцёльнай. А там дзе няма міласэрнасці – няма справядлівасці. Калі народ Божы дабраахвотна прыходзіць, каб папрасіць прабачэння, каб быць асуджаным, як часта ён сустракае аднаго з такіх судзяў”, - з жалем заўважыў Папа.

На заканчэнне сваёй гаміліі Францішак прызнаўся, што лічыць словы Езуса: “Я не асуджаю цябе”, скірававаныя да грэшніцы з Евангелля паводле св. Яна (8,1-11), аднымі з самых прыгожых і поўных міласэрнасці словаў у Евангеллі.








All the contents on this site are copyrighted ©.