2015-03-21 10:24:00

Францішак пачаў падарожжа ў Пампеі і Неапаль


21 сакавіка 2015 г. папа Францішак знаходзіцца з аднадзённым пастырскім візітам у паўднёваітальянскім рэгіёне Кампанія, у рамках якога наведвае два гарады – Пампеі і Неапаль. Сваё падарожжа Святы Айцец пачаў cа знакамітага пампейскага санктуарыя Маці Божай Ружанцовай, у які прыбыў каля 8.00 раніцы на верталёце з Ватыкану.

Францішак прайшоў у святыню, у якой некаторы час прабыў у маўклівай малітве перад абразом Маці Божай. Затым ён прачытаў тэкст малітвы, напісанай у ХІХ ст. бл. Бартолам Лонгам – італьянскім адвакатам, які прычыніўся да духоўнага адраджэння Пампеяў і ўзнікнення тут санктуарыя, прысвечанага Маці Божай Ружанцовай. “О, Ружанец, благаслаўлёны Марыяй, салодкі ланцуг, які нас злучае з Богам, ланцуг любові, які нас робіць братамі, мы не пакінем цябе ніколі. У нашых руках ты будзеш зброяй міру і прабачэння, зоркай на нашым шляху...”, - маліўся Пантыфік.

Перш чым пакінуць пампейскі санктуарый, візіт у які працягваўся каля гадзіны, Францішак прывітаў шматлікіх вернікаў, што чувалі перад касцёлам на працягу ўсёй ночы. Папа падзякаваў ім за цёплы прыём, памаліўся разам з імі, а на развітанне ўдзяліўся сваё благаслаўленне.

Францішак стаў трэццім Пантыфікам, які наведаў пампейскі санктуарый Маці Божай Ружанцовай. Да гэтата сюды двойчы прыбываў св. Ян Павел ІІ – у 1979 г. і 2003 г., і аднойчы Бэнэдыкт XVI – у 2008 г.

Абраз Маці Божай Ружанцовай з Пампеяў карыстаецца вялікай пашанай вернікаў ва ўсім рэгіёне. На ім змешчана выява Панны Марыі з Дзіцяткам Езусам на руках, якія працягваюць ружанцы св. Катарыне Сіенскай і св. Дамініку. У 2002 г. ікона выстаўлялася на плошчы св. Пятра  з нагоды ўвядзення пяці новых ружанцовых таямніцаў і абвяшчэння пачатку Году Ружанца. 








All the contents on this site are copyrighted ©.