2015-03-21 12:01:00

Святы Айцец асудзіў нелегальную працу ў нягодных умовах


Мігранты – гэта не людзі другога гатунку, а цяжкая праца за малыя грошы – гэта рабства, перад абліччам якога хрысціяне не павінны маўчаць. Аб гэтым папа Францішак казаў напачатку свайго візіту ў Неапаль, наведваючы яго прыгарад Шампію, які характарызуецца беднасцю, актыўнай дзейнасцю крымінальных груповак і вялікай колькасцю мігрантаў. Святы Айцец прыбыў сюды 21 сакавіка 2015 г. з Пампеяў, у рамках свайго пастырскага візіту ў Кампанію.

На мясцовай плошчы св. Яна Паўла ІІ адбылася яго сустрэча з прадстаўнікамі розных сацыяльных груп і прафесій. “Я хацеў пачаць мой візіт у Неапаль, адсюль, з гэтай перыферыі”, - прызнаўся Пантыфік. Ён уважліва выслухаў прадстаўнікоў мігрантаў, рабочых, супрацоўнікаў судовых і праваахоўчых органаў, якія падзяліліся сваімі марамі аб годнасці, прызнанні сакральнасці працы і перамогі над карупцыяй і насіллем.

У сваёй прамове Святы Айцец асудзіў эканамічную сістэму, якая крадзе ў людзей годнасць, не даючы магчымасць прыносіць хлеб дамоў. “Якую будучыню будзе мець малады чалавек без працы, і які шлях ён выбярэ ў жыцці. Гэта адказнасць не толькі гарадоў, краін, але ўсяго свету. Існуе эканамічная сістэма, якая выкідае людзей на ўзбочыну жыцця”, - сказаў Папа. Францішак асудзіў нелегальную працу ў нягодных умовах і без сацыяльных выплат. “Гэта называецца рабствам, гэта не па-хрысціянску”, - лічыць ён.  

Святы Айцец часта адрываўся ад загадзя падрыхтаванага тэксту прамовы і звяртаўся да людзей спантанна, а яго словы перабіваліся доўгімі апладысментамі, якія выражалі згоду.

Святы Айцец нагадаў, што мігранты з’яўляюцца дзецьмі Божымі і патрабуюць прызнання гэтага з боку сваіх новых грамадстваў. Пантыфік рашуча асудзіў карупцыю, якая з’яўляецца “бруднай” і “смярдзючай” справай, з якой хрысціяне не павінны мець нічога агульнага.

“Вы прыналежыце да народу з доўгай гісторыяй, прасякнутай складанымі і драматычнымі падзямі. Жыццё ў Неапалі ніколі не было лёгкім, але і не было сумным! А гэта радасць і вясялосць – ваш вялікі рэсурс”, - сказаў Францішак і заклікаў мясцовых вернікаў не дазволіць скрасці ў сябе “вялікую спадчыну” надзеі, якая дапамагае ўздымацца пасля падзенняў і суцяшае душы. 








All the contents on this site are copyrighted ©.