2015-03-21 13:55:00

Папа: злачыннасць не павінна псаваць аблічча Неапаля


Карупцыя і злачыннасць не павінны псаваць аблічча Неапаля і тым больш сэрцаў яго жыхароў. З такім пажаданнем папа Францішак звярнуўся падчас Эўхарыстыі, якую цэлебраваў 21 сакавіка 2015 г. на плошчы Плебісцыта ў цэнтры Неапаля. У літургіі з Пантыфікам прынялі ўдзел каля 60 тыс. чалавек. Вялікая колькасць людзей назірала за папскай цэлебрацыяй з балконаў і тэрасаў, а таксама з бліжэйшых вуліц, дзякуючы ўстаноўленым там экранам. Увесь цэнтр горада быў упрыгожаны партрэтамі Францішка і бела-жоўтымі ватыканскімі сцягамі. Нягледзячы на папярэджанні сіноптыкаў аб даджды, падчас усёй св. Імшы яскрава ззяла сонца.

У сваёй гаміліі Папа нагадаў, што слова Божае – гэта сіла здольная змяняць свет. “Слова Божае – моцнае. Яно не мае сілы гэтага свету, але мае сілу Бога, які моцны ў пакоры, а таксама ў слабасці. Яго сіла – гэта сіла любові, якая не ведае межаў, любові здольнай любіць іншых перш чым сябе”, - сказаў Францішак.

Звяртаючыся да мясцовых святароў, Пантыфік заклікаў іх несці ўсім людзям міласэрнасць, пяшчоту і сяброўства з Богам. “Кожная парафія і кожная касцёльная структура павінны стаць санктуарыямі для тых, хто шукае Бога і гасцінным домам для бедных, пажылых і патрабуючых”, - сказаў Папа і заклікаў да пошуку гэтых людзей.

Неапалітанцы не павінны дазволіць, каб у іх скралі надзею, падкрэсліў Францішак скіроўваючы заклік да мясцовых жыхароў. “Я кажу гэта ў першую чаргу моладзі: адрыйцеся на моц Езуса Хрыста і прынясіце плёны новага жыцця гэтаму гораду, плёны дзялення, прымірэння, служэння, братэрства”, - заклікаў Папа.

Святы Айцец пажадаў не паддавацца спакусе лёгкага і нягоднага прыбытку. “З рашучасцю дзейнічайце супраць арганізацый, якія эксплуатуюць і псуюць моладзь, бедных і слабых праз цынічны гандль наркотыкамі і іншыя злачынствы. Не дазвольце скрасці ў сябе надзею! Не дазвольце, каб ваша моладзь эксплуатавалася гэтымі людзьмі”, - заклікаў ён.

З асаблівымі словамі Францішак звярнуўся да злачынцаў і іх пасобнікаў. “Як брат я паўтараю: навярніцеся да любові і справядлівасці! Дазвольце міласэрнасці Божай знайці вас! Ведайце, што Езус вас шукае, каб абняць, пацалаваць, любіць больш. З дапамогай ласкі Бога, які ўсё і заўсёды прабачае, можна вярнуцца да годнага жыцця. Аб гэтым вас просяць слёзы усіх маці Неапаля, змешаныя са слязамі Марыі, нябеснай Маці”, - сказаў Папа. На заканчэнне гаміліі ён пажадаў, каб Неапаль перажыў перыяд сапраўднага абнаўлення.   








All the contents on this site are copyrighted ©.