2015-03-20 11:24:00

Як беларускія вернікі перажываюць Вялікі пост


Вялікі пост – час навяртання, і гэты працэс у жыцці кожнага верніка адбываецца асаблівым чынам. Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё распытала беларускіх католікаў, як яны перажываюць гэты дабраславёны час. Вернік з Ліды Арцём Ткачук сустрэў Вялікі пост у Камеруне, дзе ён яшчэ з канца мінулага года разам са сваёй сяброўкай Мартай Бекіш дапамагае дамініканскай місіі – займаецца адукацыяй бедных дзяцей. Пастановы на Вялікі пост у Арцёма такія: ежа – два разы на дзень, у 7 і 19 гадзін. У абед толькі перакус – багет з шакаладам і з кавай. Але ў пятніцу Арцём і Марта вырашылі абыходзіцца без гэтага, каб такім чынам трымаць пост. Жывучы ўвесь час з 35 дзяцьмі ў беларускіх валанцёраў часта не хапае сілаў з імі гуляцца ўвечары, але падчас Вялікага посту яны стараюцца гэта рабіць. А таксама думаць пра Бога ўвесь час – гэта самае цяжкае, прызнаюцца валанцёры. Таксама яны імкнуцца больш чытаць адпаведнай літаратуры. Арцём прызнаўся: яму заўсёды хочацца самому нешта адкрываць для сябе, але ў Вялікі пост вырашыў даверыць гэта Пану: няхай Ён адкрывае тое, што Ён хоча, а я проста буду жыць і маліцца, гаворыць Арцём.

Гомельская парафіянка Вольга Яўсеенка працуе настаўніцай беларускай мовы да абеду, а пасля абеду – кіраўніком дзіцячага вакальнага гуртка. Спяваць і весяліцца ў час Вялікага посту для яе – адно з цяжкіх выпрабаванняў, але з іншага боку верніца разглядае гэта і як навучанне пакоры. А ўвогуле для яе час посту - гэта заўсёды час заглядвання ў сваё сэрца, сваю душу з вышыні ўзросту і вопыту.

“Што я сёння маю? Ці адчуваю сябе шчаслівай? Што Бог зрабіў у маім жыцці? І так здарылася, што на час Вялікага посту ўжо шмат гадоў прыпадаюць вакальныя, танцавальныя конкурсы, нейкія бясконцыя святы. І мне даводзіцца, сцяўшы зубы, выступаць. Я не хачу гэтага рабіць у час Вялікага посту. Але раблю праз сілу. У выніку таго, што працую ў дзяржаўнай установе, я вымушана гэта рабіць. Канешне, калі ты можаш добра спяваць і выступаць, ты павінен гэтым дзяліцца з людзьмі, але ў якой колькасці, не да такой жа ступені? І для мяне, як для чалавека Касцёлу, заўсёды вялікая праблема не асуджаць у сувязі з гэтым, і гэта - самае галоўнае, з чым я змагаюся ў пост. Не столькі з абмежаваннем у ежы, як з асуджэннем. Яно ўзнікае вельмі хутка, лёгка, і трымаць Пана за рукі, каб не асуджаць - гэта для мяне самае цяжкае. У гэты час я трымаюся Божага слова, бо гэта – адзіны шчыт, адзіная абарона. Таксама ў час Вялікага посту развітваюся з грашыма болей вольна, чым у іншы час. Гэта таксама цяжка, але з вопыту маёй веры ведаю, што пост, малітва і міласціна – той вялікі паратунак, які дае кожнаму чалавеку ўнутраную свабоду ад таго, што навязваюць звонку”, - гаворыць Вольга.

Парафіянін гомельскага касцёла Віктар Адзіночанка распавядае аб вопыце свайго першага Вялікага посту, калі ён толькі прыйшоў да веры – ва ўзросце 29 гадоў. У той час ён жыў адзін і пачаў пасціцца, поўны энтузіязму, зрабіўшы пастанову нічога не есці ў сераду і пятніцу. Пастанову ўдалося выканаць. У той жа час Віктар перажыў незвычайнае выпрабаванне сваёй веры: непасрэдна ў ноч перад Вялікаднем у яго дзверы нехта пагрукаў. Мужчына адчыніў, і ў кватэру ўварваліся дзве маладыя прыгожыя дзяўчыны.

“Сказалі, што працуюць на фабрыцы “Спартак” непадалёку, ішлі з начной змены, і да іх прывязаліся хлопцы. Каб адчапіцца ад іх, дзяўчыны сказалі, што тут жыве іх брат, і завіталі ў выпадковую кватэру. Папрасіліся пасядзець. Я ім кажу: добра, сядайце. А сам пачынаю думаць: можа, гэта нейкія злачынцы, і ў іх такая методыка рабаваць кватэры? Але дзяўчаты спакойна сядзяць, а тыя хлопцы ўжо пачынаюць грукаць у дзверы. Потым яны сышлі, а дзяўчаты пачалі мяне хваліць, што я такі добры чалавек. І папрасіліся легчы паспаць. І я ў гэтым убачыў спакусу: я, чалавек, які навярнуўся ў каталіцтва і трымае пост, а тут дэман пасылае дзвюх дзяўчат у апошнюю ноч, каб яны парушылі ўвесь мой пост. Я і кажу: дзяўчаты, у мяне пост завяршаецца, я такі задаволены, што яго вытрымаў, таму ідзіце вы дадому! Я іх вывеў, правёў па вуліцы, і потым з чыстым сэрцам пайшоў на Велікодную імшу”, - падзяліўся незвычайнай гісторыяй вернік.

Вялікі пост працягваецца, і кожнаму верніку Пан пасылае выпрабаванні і спакусы, за якія нам трэба дзякаваць Яму – бо з іх дапамогай мы можам бачыць сябе ў праўдзе і навяртацца.

Алена Германовіч, Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія.








All the contents on this site are copyrighted ©.