2015-03-20 12:11:00

Айцец Канталамеса аб таямніцы Святога Духа


Сваё трэцяе казанне ў Вялікі пост прапаведнік Папскага Дома а. Раньера Канталамеса прысвяціў 20 сакавіка 2015 г. таямніцы Святога Духа ў заходняй і ўсходняй традыцыях. Ён нагадаў, што цягам стагоддзяў прычынай непаразуменняў і ўзаемных абвінавачванняў паміж хрысціянскім Усходам і Захадам было пытанне пра паходжанне Святога Духа. Дагматыка Заходняга Касцёла кажа, што Святы Дух паходзіць не толькі ад Бога-Айца, як лічаць усходнія тэолагі, але “ад Айца і Сына”.

Папскі прапаведнік нагадаў, што св. Аўгустын, які заклаў фундамент лацінскай тэалогіі Святога Духа, кажучы пра “Айца і Сына” карыстаўся эластычнымі выразамі і не ставіў Айца і Сына на адным узроўні ў адносінах да Святога Духа. Ён казаў, што Святы Дух паходзіць галоўным чынам ад Айца, а праз яго дар – і ад Сына. Формулу “Filioque” (“і Сына”) упершыню выкарыстаў св. Фульгенцій, які абышоў маўчаннем удакладненне св. Аўгустына і цалкам ураўнаў Айца і Сына ў дачыненні да Святога Духа. Менавіта гэтая версія і ўвайшла ў дактрыну Рымскага Касцёла пасля Таледскага Сінода ў 589 г. У той час гэты дадатак не выклікаў ніякіх пратэстаў з боку ўсходніх тэолагаў. Скаргі праваслаўнага ўсходу выклікала тое, што ў 1014 г. пад ціскам імператара Генрыха II “Filioque” было ўключана ў літургічны Сімвал веры.

Сёння, калі паміж Праваслаўнай Царквой і Каталіцкім Касцёлам усталёўваецца атмасфера дыялогу і ўзаемапавагі, гэта праблема не здаецца больш непераадольнай перашкодай для поўнага паразумення. Кваліфікаваныя прадстаўнікі праваслаўнай тэалогіі гатовы прызнаць, пры выкананні некаторых умоў, законнасць лацінскай дактрыны. Больш таго, дыялог адкрывае новыя перспектывы: дае магчымасць вярнуцца да Святога Пісання, зрабіць шырэйшы сінтэз, менш абумоўлены гісторыяй. Зварот да Святога Пісання дазваляе падкрэсліць узаемадапаўненне усходняй і заходняй тэалогій Святога Духа.

Заўважана, што ў Новым Запавеце св. Ян акцэнтуе больш ўвагі на “Духу праўды” , а св. Павел кажа пра “Дух міласэрнасці”. Перспектыва св. Яна адлюстроўваецца, галоўным чынам, ва ўсходняй традыцыі, а св. Паўла – ў заходняй. У кантэксце дзвюх Цэркваў гэтыя адрозненні трэба разглядаць не як памылку ці пагрозу, а як узаемадапаўненне і багацце для ўсіх, - лічыць айцец Канталамеса.








All the contents on this site are copyrighted ©.