2015-03-19 11:39:00

Святы Айцец даслаў відэазварот аргентынскім студэнтам


Універсітэт павінен быць “арыентаваны на Бога”, у Ім ён павінен чэрпаць “сваю сілу, ідэі, навучанне”, гаворыцца ў відэазвароце папы Францішка з нагоды інаўгурацыі касцёла пабудаванага пры Аргентынскім каталіцкім універсітэце ў Пуэрта-Мадэра. Храм, прысвечаны Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса, быў урачыста адкрыты 18 сакавіка 2015 г. Эўхарыстыяй, якую ўзначаліў арцыбіскуп Буэнас-Айрэса кардынал Марыё Полі. У сваім відэазвароце Пантыфік нагадаў, што святыня – гэта “не асобны ад універсітэта храм”, а яго “сэрца і цэнтр”. Ён выказаў спадзяванне, што новы ўніверсітэцкі касцёл заўсёды будзе поўны вернікаў.

Адкрыццё новага касцёла – гаворыцца ў паведамленні адміністрацыі Аргентынскага каталіцкага ўніверсітэта – з'яўляецца адказам на заклік Святога Айца да пашырэння духоўнасці ў навучальных установах. Ва ўніверсітэце, лічыць яго рэктар, арцыбіскуп Віктар Фернандэс, “духоўнае жыццё не павінна быць другаснай дзейнасцю”, таму што духоўнасць – гэта неабходны грунт, падмурак усяго. 








All the contents on this site are copyrighted ©.