2015-03-18 15:31:00

Эўхарыстыя (IV)


Сёння мы працягваем гаворку аб нормах права, якія рэгулююць цэлебрацыю і прыняцце Найсвяцейшай Эўхарыстыі. Даволі часта людзей цікавіць пытанне – колькі разоў на працягу дня можна прымаць Святую Камунію? 917-ы канон гаворыць, што той, хто ўжо прыняў Найсвяцейшую Эўхарыстыю, можа нанова прыняць яе ў гэты самы дзень, але толькі падчас эўхарыстычнай цэлебрацыі, у якой ён удзельнічае. Гэта значыць, што можна прыняць Святую Камунію другі раз на працягу дня, толькі калі другі раз поўнасцю ўдзельнічаем у Святой Імшы. Бо бывае так, што на першую Імшу чалавек спазніўся, але прыняў Святую Камунію, а, напрыклад, вечарам таго ж самага дня яму зноў удалося быць на Святой Імшы, у такім выпадку можна смела прымаць Святую Камунію. Таксама вельмі настойліва рэкамендуецца, каб вернікі прымалі Святую Камунію падчас самой эўхарыстычнай цэлебрацыі, аднак як выключэнне тым, хто па справядлівай прычыне папросіць аб гэтым, трэба ўдзяліць яе па-за Імшой, але гэта зноў-такі не павінна быць нормай.

Напэўна, усе мы добра ведаем, што ёсць такое паняцце як эўхарыстычны пост – гэта значыць што на працягу нейкага часу перад прыняццем Святой Камуніі нельга спажываць ежу. Яшчэ зусім нядаўна (многія нашыя бабулі і дяздулі памятаюць) эўхарыстычны пост абавязваў ад поўначы – гэта значыць, што чалавек, калі меў намер удзельнічаць у Святой Імшы і прыняць Святую Камунію, павінен быў нічога не есці ад поўначы. У такой сітуацыі Святыя Імшы ў абсалютнай большасці цэлебраваліся ў першай палове дня. Але пасля літургічнай рэформы сёння абавязвае наступнае права - той, хто мае намер прыняць Найсвяцейшую Эўхарыстыю, павінен хаця б на працягу гадзіны перад святой Камуніяй устрымлівацца ад усялякай ежы і піцця, за выключэннем толькі вады і лекаў. Зазначу, што гаворка ідзе не аб гадзіне перад пачаткам Святой Імшы, але аб гадзіне перад прыняццем Камуніі. Канешне, урачыстыя Святыя Імшы могуць трываць больш за гадзіну, але Касцёл заахвочвае нас да гэтага вельмі малога эўхарыстычнага посту перад прыняццем Найсвяцейшага Сакрамэнту. Але з гэтага правіла ёсць выключэнні, што састарэлыя і хворыя людзі, а таксама тыя, хто апякуецца імі, могуць прыняць Найсвяцейшую Эўхарыстыю нават тады, калі яны прымалі якую-небудзь ежу на працягу найбліжэйшай гадзіны.

І тут варта ўспомніць таксама аб касцёльным наказе, што кожны вернік, пасля таго, як ён першы раз прыняў Найсвяцейшую Эўхарыстыю, павінен прымаць святую Камунію па меншай меры раз у год. Гэта прадпісанне павінна быць выканана ў пасхальны час, хіба што па справядлівай прычыне яно будзе выканана ў іншы час на працягу года.

Мы ўжо казалі аб тым, што паміраючы чалавек павінен па магчымасці прыняць Найсвяцейшы Сакрамэнт у форме Віятыку. Але таксама і іншым хворым, не толькі тым, якія знаходзяцца ў небяспецы смерці, вельмі рэкамендуецца часта прымаць Святую Камунію, а іх родныя і пробашч павінны аб гэтым паклапаціцца.

Зараз трохі пагаворым аб самой эўхарыстычнай цэлебрацыі. Найсвяцейшая Эўхарыстычная Ахвяра павінна здзяйсняцца на хлебе і віне, да якога павінна быць дададзена трохі вады. Хлеб павінен быць чыста пшанічным і свежа выпечаным, каб была выключана ўсялякая небяспека яго сапсаванасці. Віно павінна быць натуральным, вінаградным і неабрызглым. Па традыцыі ў нашых касцёлах ужываецца белае віно, але нішто не стаіць на перашкодзе, каб ужываць у Святой Імшы чырвонае віно. Паводле старадаўняй традыцыі Лацінскага Касцёла ў эўхарыстычнай цэлебрацыі святар павінен выкарыстоўваць прэсны хлеб, дзе б ён не знаходзіўся. Святары і дыяканы падчас цэлебрацыі і ўдзялення Эўхарыстыі павінны насіць святыя адзенні, прадпісаныя ў рубрыках, што яшчэ раз падкрэслівае выключны характар святога дзеяння. Хворы або састарэлы святар, калі не можа стаяць, можа таксама цэлебраваць эўхарыстычную Ахвяру седзячы. Таксама святар сляпы або маючы іншую хваробу, годна цэлебруе Найсвяцейшую Ахвяру, карыстаючыся любым з тэкстаў Імшы з ліку зацверджаных, у прысутнасці, калі гэта будзе неабходна, іншага святара або дыякана, або нават адпаведным чынам падрыхтаванага свецкага, які павінен адпаведным чынам дапамагаць святару ў цэлебрацыі.

Цэлебрацыя і ўдзяленне Эўхарыстыі можа адбывацца ў любы дзень і гадзіну, за выключэннем таго, што прадпісана ў літургічных нормах. Як мы ведаем, адзіным днём у годзе, калі не здзяйсняецца Найсвяцейшая Эўхарыстыя, з’яўляецца Вялікая Пятніца Мукі Пана. Эўхарыстычная цэлебрацыя павінна адбывацца ў святым месцы (гэта значыць у касцёле, капліцы ці на могілках), хіба што ў спецыяльным выпадку неабходнасць прадыктуе іншае; у гэтым выпадку цэлебрацыя павінна адбыцца ў аб’ектыўна годным для гэтага месцы.

Паважаныя радыёслухачы! У наступнай нашай перадачы мы больш падрабязна пагаворым аб захоўванні і кульце Найсвяцейшай Эўхарыстыі, а на сёння я з вамі развітваюся. Пахвалёны Езус Хрыстус!

Кс. Дзмітрый Пухальскі








All the contents on this site are copyrighted ©.