2015-03-18 15:54:00

Пакаянне (III)


У сённяшняй нашай перадачы мы працягнем гаворку аб нормах права, якія рэгулююць цэлебрацыю сакрамэнту пакуты і пакаяння. На мінулым тыдні мы пачалі гаворку аб распарадчыку сакрамэнту пакаяння. Пры выслухванні споведзі святар павінен памятаць аб тым, што, спавядаючы, ён выступае адначасова ў ролі суддзі і лекара, а таксама аб тым, што ён пастаўлены Богам быць служкам Божай справядлівасці і разам з тым міласэрнасці, каб клапаціцца аб Божым гонары і аб збаўленні душаў. Таму ў споведзі павінны быць адкінутыя ўсялякія прыватныя ўпадабанні. Спавяднік, як распарадчык Касцёла, пры здзяйсненні сакрамэнту, павінен верна прытрымлівацца дактрыны Настаўніцкага Інстытута Касцёла і нормаў, выдадзеных кампетэнтнай уладай. Натуральна, што падчас споведзі мае месца дыялог паміж спаведніком і пенітэнтам, святар можа задаваць нейкія пытанні, каб больш зразумець тое, што адбываецца ў душы пенітэнта. Мы ўжо казалі аб тым, што сакрамэнт пакаяння звязаны з вельмі дэлікатнымі сферамі чалавечага жыцця, таму задаючы пытанні, святар заўсёды павінен рабіць гэта з разважлівасцю і дыскрэцыяй, беручы пад увагу стан і ўзрост пенітэнта, і ўстрымлівацца ад пытанняў аб імені саўдзельніка граху, а таксама ўстрымлівацца ад нейкіх іншых пытанняў, якія не маюць нічога супольнага з матэрыяй вызнаваных грахоў.

Калі спавяднік не сумняваецца ў адпаведным духоўным стане пенітэнта, а той просіць аб адпушчэнні грахоў, не належыць ні адмаўляць у адпушчэнні грахоў, ані яго адкладваць. Нажаль, здараюцца сітуацыі, калі святар не можа ўдзяліць адпушчэння грахоў, але часцей за ўсё такія сітуацыі здараюцца тады, калі пенітэнт сам знаходзіцца ў такім стане, што не можа прыняць адпушчэнне грахоў – напрыклад, працягвае трываць у нейкім граху.

Таксама ў залежнасці ад цяжкасці і колькасці грахоў, але прымаючы пад увагу стан пенітэнта, спавяднік павінен накласці на яго збаўчыя і адпаведныя пакуты, якія пенітэнт павінен выканаць асабіста, і менавіта выкананне вызначанай пакуты з’яўляецца адной з істотных частак сакрамэнту пакаяння. І звычайны парадак рэчаў такі – чалавек атрымоўвае адпушчэнне грахоў, і пасля выконвае накладзеную пакуту. Але ёсць адно выключэнне - той, хто на споведзі прызнаецца ў тым, што ілжыва абвінавачваў перад касцёльнай уладай невінаватага спаведніка ў злачынным падбухторванні да граху супраць шостай запаведзі Дэкалога, павінен атрымаць адпушчэнне грахоў не раней, чым ён па поўнай форме адмовіцца ад ілжывага абвінавачвання і будзе гатовы кампенсіраваць страты, калі яны існуюць. Гэта выключэнне звязана з тым, што святар не мае сродкаў для абароны супраць такога абвінавачвання, таму што яго абавязвае таямніца споведзі. Таму калі пенітэнт фальшыва сведчыць супарць спаведніка менавіта ў такой матэрыі, то ён павінен найперш направіць шкоду, а ўжо пасля атрымаць адпушчэнне грахоў.

Наогул, таямніца споведзі з’яўляецца непарушальнай; таму злачынствам з’яўляецца тое, калі спавяднік словамі або якім-небудзь іншым спосабам і па якой-небудзь прычыне здраджвае пенітэнта. Больш таго, таямніца таксама абавязвае таго, хто нейкім чынам чуў грахі другога чалавека – ці нехта занадта громка спавядаўся, ці, напрыклад, споведзь адбывалася пры дапамозе перакладчыка (такое таксама магчыма, але перакладчыка забавязвае таямніца споведзі). Сёння злачынствам, даследваннем якога займаецца Кангрэгацыя веравучэння, з’яўляецца кожнае парушэнне таямніцы споведзі, а таксама запіс і распаўсюджванне матэрыялаў споведзі (напрыклад, нехта паставіў так званы “жучок” у канфесіянале). Гэта норма зноў ўведзена для таго, каб бараніць святасць сакрамэнту споведзі.

Часта ў свецкіх вернікаў з’яўляецца пытанне – а як спавядаюцца святары, законныя сёстры, у каго яны маюць права спавядацца і г.д. Трэба памятаць, што кожны святар, законная сястра, біскуп – гэта перад усім людзі са сваімі слабасцямі і грахамі, і яны таксама прыступаюць да сакрамэнту пакаяння – больш таго, ім рэкамендуецца прыступаць да споведзі раз на два тыдні. І наогул кожны, хто мае адпаведнае паўнамоцтва, можа паспавядаць любую духоўную ці манаскую асобу. Толькі ёсць такая практыка – не спавядацца ў сваіх настаяцеляў, каб не змешваць па магчымасці унутраную і знешнюю сферы жыцця чалавека. А нормы права гавораць аб тым, што магістр навіцыярыяў і яго дапаможнік (гэта такія асобы, якія заўмаюцца выхаваннем кандыдатаў да манаскага жыцця), а таксама рэктар семінарыі або іншай навучальнай установы не павінны прымаць сакрамэнтальныя споведзі ў сваіх алюмнаў, якія пражываюць у тым самым доме, хіба што ў асаблівых выпадках яны самі папросяць аб гэтым, а кожны, каму з моцы займаемай пасады даручана апека аб душах (напрыклад, пробашч), павінен клапаціцца аб тым, каб выслухваліся споведзі даручаных яму вернікаў, якія разумна аб гэтым папросяць, а таксама аб тым, каб ім прадастаўлялася магчымасць прыступіць да індывідуальнай споведзі ва ўстаноўленыя дзеля іх карысці дні і гадзіны.

Паважаныя радыёслухачы! У наступнай нашай перадачы мы працягнем гаворку аб сакрамэнце пакаяння, а на сёння я з вамі развітваюся. Пахвалёны Езус Хрыстус!

Кс. Дзмітрый Пухальскі








All the contents on this site are copyrighted ©.