2015-03-17 12:51:00

Святы Айцец: мы самі зачыняем дзверы Касцёла


Касцёл з’яўляецца домам Езуса, домам міласэрнасці, адкрытым для ўсіх. Але хрысціяне часта самі зачыняюць дзверы ў яго. Аб гэтым казаў папа Францішак 17 сакавіка 2015 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. Пантыфік пракаментаваў евангельскае апавяданне пра цуд аздараўлення, які Езус учыніў каля купальні Бэтэзда, у Ерузалеме. Тут ляжала мноства хворых, сляпых, кульгавых, паралізаваных у чаканні, калі ўзварушыцца вада, каб увайсці ў яе і аздаравіцца. Быў сярод іх адзін чалавек, які хварэў ужо трыццаць восем гадоў, якому ніхто не дапамаў акунуцца. Езус аздаравіў яго, нават няглядзечы на тое, што быў шабат, чым выклікаў абурэнне юдэяў.

Тут, паводле Святога Айца, паказаны канфлікт паміж міласэрнасцю Бога і нізасцю, якую дэманструюць тыя, хто заяўляе аб сваёй веры ў Яго. Падобныя гісторыі, на думку Папы, часта паўтараюцца і сёння. “Чалавек, які адчувае сябе хворым душою, засмучаным, які ўчыніў шмат памылак у жыцці, у пэўны момант заўважае, што “воды ўзварушыліся”, што Святы Дух узварушыў нешта. Магчыма, ён пачуў слова (...), набраўся адвагі і пайшоў. І як часта ў хрысціянскіх супольнасцях ён знаходзіць зачыненыя дзверы”, - з жалем адзначыў Папа. Гэтымі зачыненымі дзвярыма могуць стаць шматлікія забароны і папрокі.

Касцёл, на думку Францішка, павінен мець адчыненыя дзверы. Больш за тое, ён павінен выходзіць і сам шукаць патрабуючых, як учыніў гэта Езус, наведаўшы хворых. “Калі людзі паранены, што робіць Езус? Папракае іх за тое, што яны паранены? Не, уздымае іх на плечы! Гэта называецца міласэрнасцю”, - сказаў Святы Айцец і заклікаў памятаць, што сапраўдным законам Божым з’яўляецца любоў да Пана і бліжняга.








All the contents on this site are copyrighted ©.