2015-03-17 13:29:00

Кардынал Кох пра вызначэнне мэты экуменізму


Сёння, найбольш важным з’яўляецца агульнае сведчанне веры, сказаў старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, кардынал Курт Кох у інтэрв’ю кёльнскаму “Domradio”. Ён прызнаў, што Францішак імкнецца падкрэсліць “экумэнізм крыві”, таму што 80% пераследаваных хрысціянаў гінуць за сваю веру ў Хрыста, незалежна ад канфесіі. На думку ватыканскага іерарха, два гады пантыфікату, гэта, у першую чаргу, працяг распачатага раней экуменічнага дыялогу.

Кардынал нагадаў, што аб экуменізме крыві казаў ужо Ян Павел II, назваўшы яго “экумэнізмам мучанікаў”. Францішак вядзе экуменічны дыялог, распачаты папярэднікамі, але ставіць уласныя акцэнты, у асноўным у кантактах з евангельскімі і пяцідзесятніцкімі рухамі, якія яму добра вядомыя з Паўднёвай Амерыкі. Некаторыя з іх з’яўляюцца анты-каталіцкімі і анты-экуменічнымі, але Папу ўдаецца ўсталяваць з імі дыялог.

Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству таксама адзначыў самыя важныя пытанні, якія стаяць перад яго дыкастэрыяй. “Ва ўсходняй секцыі мы вядзём дыялог з Цэрквамі ўсходняй традыцыі. Тут самай вялікай праблемай для адзінства з’яўляецца папскі прымат. Заходняя секцыя займаецца Цэрквамі Рэфармацыі. Гэта зусім іншы выклік, таму што пратэстантызм ва ўсім свеце ўжо не рухаецца да адзінства, наадварот, прагрэсуе падзел, усцяж паўстаюць новыя супольнасці”, - сказаў кардынал Кох.

На думку іерарха, вялікім выклікам для экуменічнага дыялогу таксама з’яўляецца вызначэнне яго мэты, паколькі “у цяперашні час не існуе адзінага меркавання адносна таго, куды экумэнізм павінен імкнуцца”.








All the contents on this site are copyrighted ©.