2015-03-16 12:52:00

Папа: Бог закаханы ў чалавека і бачыць яго ў сваіх марах


Бог закаханы ў чалавека. Гэтага не можа патлумачыць ніводзін тэолаг, але любоў Божая настолькі вялікая, што людзям застаецца толькі плакаць ад радасці, сказаў папа Францішак 16 сакавіка 2015 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. Каментуючы словы прарока Ісаі пра стварэнне “новага неба і новай зямлі” (65,17-21), Папа заўважыў, што гэта – другое стварэнне – больш цудоўнае за першае.

Свет разбураны грахом Бог “стварыў нанова” у Езусе Хрысце, нагадаў Пантыфік. Гэтаму абнаўленню спадарожнічае радасць Бога, аб якой гаворыцца на старонках Святога Пісання: “Я буду радавацца Ерузалему і цешыцца сваім народам” (65,18).

Паводле Святога Айца, Бог радуецца, таму што любіць свой народ і нават бачыць яго ў сваіх марах. Бог чакае таго радаснага моманту, калі нарэшце, зможа сустрэцца з кожным чалавекам: “Яго мары аб нас: “Як будзе цудоўна, калі мы збярэмся ўсе разам або калі тая ці іншая асоба прыйдзе да Мяне”, -  сказаў Папа. Ён параўнаў мары Бога з марамі закаханых, якія прагнуць ажаніцца. “ І пабудуюць дамы, і населяць іх, пасадзяць вінаграднікі, і будуць спажываць іх плён” (65,21) – гэтыя біблійныя словы Бога аб будучыні людзей, з’яўляюцца выразам мараў сапраўдных закаханых, адзначыў Пантыфік.

“Бог думае пра кожнага з нас і любіць”. Таму жадае абнаўлення чалавечых сэрцаў, каб напоўніць іх радасцю, падкрэсліў Францішак. Ён заклікаў верыць у здольнасць Бога перамяняць сэрцы. Вера азначае адкрытасць на любоў Божую, на моц Таго, хто закаханы ў чалавека і жадае радавацца з ім, сказаў Святы Айцец у сваёй гаміліі. 








All the contents on this site are copyrighted ©.