Генацыдам назваў дзейнасць тэрарыстычнай арганізацыі “Ісламская дзяржава” арцыбіскуп Сільвана Тамазі, прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры арганізацыях ААН у Жэневе. У інтэрв’ю амерыканскаму каталіцкаму часопісу “Сrux” дыпламат адзначыў “патрэбу ў скаардынаванай і добра прадуманай кааліцыі, якая зробіць усё магчымае, каб дасягнуць палітычнага рашэння без насілля”. “Калі гэта не будзе магчыма, аднак, стане неабходным выкарыстанне сілы”, - дадаў ён.
Арцыбіскуп Тамазі папярэдзіў, што наступствы дзейнасці тэрарыстаў могуць быць жудаснымі. “Мы павінны спыніць гэты генацыд. Інакш, у будучым будзем наракаць, пытаць сябе: чаму не зрабілі нічога, чаму дазволілі, каб адбылася падобная трагедыя”, - сказаў ватыканскі дыпламат.
Паводле іерарха, менавіта ААН і яе члены, у першую чаргу Рады Бяспекі, павінны вырашыць якога кшталту ўмяшанне ў сітуацыю неабходна. Але ясна, што дзейнічаць трэба, падкрэсліў ён.
Назіральнік Святога Пасаду пры ААН адзначыў, што тэрарысты забіваюць не толькі хрысціян, але таксама і прадстаўнікоў іншых рэлігійных і этнічных груп, якія заслугоўваюць таго, каб быць абароненымі.
All the contents on this site are copyrighted ©. |