2015-03-15 08:56:00

Кардынал Паралін: Папа не зможа адмовіць моладзі Беларусі


Пазнаёміцца з жыццём Каталіцкага Касцёла Беларусі і яднацца з вернікамі ў сумеснай малітве – гэта абяцаў на пачатку свайго візіта ў краіну кардынал Пьетра Паралін. І выканаў. Вечарам 14 сакавіка 2015 г. Дзяржсакратар Яго Святасці папа Францішка прыбыў на велікапоснае начное чуванне моладзі. На гэты раз яно адбылося ў Касцёле св. Сымона і св. Алены і атрымалася агульнабеларускім: у храме сабраліся маладыя вернікі з усіх дыяцэзій краіны. Толькі зарэгістраваных на чуванне было каля тысячы чалавек, шматлікія пераадолелі сотні кіламетраў, каб пабачыць прадстаўніка Святога Пасада.

“Для мяне гэта вельмі ўрачысты вечар і тое, што намеснік і бліжэйшы паплечнік папы Францішка – гэта вялікі гонар і радасць яго тут сустракаць. Першае, чаго мы чакаем, гэта візіту самаго Папы, а для моладзі і краіны – благаслаўлення, развіцця для Касцёла”, - адзначыў у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё Уладзіслаў Суша з Мінска. “Гэта сустрэча знакавая, і, магчыма, гэта першы крок да таго, каб некалі адбыўся візіт папы Францішка. Таксама сустрэча важная для нас, маладых людзей, каб мы бачылі, што Каталіцкі Касцёл – Паўсюдны Касцёл, і ўбачылі гэту любоў, якая ў Касцёле развіваецца і якую Пан Бог дае, каб мы таксама маглі падзяліцца сваім сведчаннем і ўбачылі, што не адны. Раней здаецца, што католікаў мала, на працы ці ў іншым месцы, а тут мы бачым, што нас шмат і католікі – сіла, якую яднае Божая любоў”, - сказала Марыя Чарняўская.

Ва ўсім іншым, не улічваючы прысутнасці высокага госця, моладзевае спатканне праходзіла па традацыйным сцэнарыі, у якім цэнтральнае месца займае прэзентацыя дыяцэзій. Моладзь расказвала пра багатую гісторыю і сучаснасць: як бавяць час, у якіх хрысціянскіх мерапрыемствах прымаюць удзел і галоўнае, як прыйшлі да веры: у маленстве ці зусім нядаўна.

Кардынал Паралін здзіўляўся, усміхаўся, апладаваў, уважліва слухаў моладзь – будучае Касцёла. Маладым вернікам удалося задаць некалькі пытанняў пасланніку папы Францішка: напрыклад, пра будаўніцтва каталіцкай акадэміі, і, вядома, пра візіт Пантыфіка ў Беларусь. Кардынал Пьетра Паралін не першы за час візіту раз адзначыў, што не можа казаць пра дату, але бачыць, што гэтага жадаюць тут і ўпэўнены, што каталіцкая супольнасць Беларусі заслугоўвае такога візіту. Іерарх дадаў, жартуючы, і менавіта моладзі Пантыфік не зможа супрацьстаяць.

Потым кардынал Дзяржсакратар узначаліў св. Імшу і ў гаміліі звярнуўся да моладзі. Па яго словах, сучасная моладзь павінна быць годнай веры, якую атрымала – веры, якая падвяргалася пераследу. Менавіта маладыя вернікі з’яўляюцца спадкаемцамі мучанікаў. Але сёння вера сутыкаецца з іншымі перашкодамі. Яна існуе ў свеце, якім часта рухаюць іншыя каштоўнасці. Таму, лічыць кардынал Паралін, нельга расслабляцца – трэба расці ў веры, расці ў сваёй гатоўнасці да пераадолення тых перашкодаў, якія нас атачаюць. Нарыканцы сустрэчы ватыканскі іерарх удзяліў усім прысутным благаслаўленне ад імя папы Францішка, якога так чакаюць на беларускай зямлі. Потым моладзь дзялілася ўражаннямі ад вельмі цёплай сустрэчы амаль да раніцы – начное чуванне працягнулася да світання.








All the contents on this site are copyrighted ©.