2015-03-15 11:39:00

Завяршыўся візіт кардынала Параліна ў Беларусь


15 сакавіка 2015 г. каля архікатэдральнага Касцёла Найсвяцейшага Імя Марыі было шматлюдна, асабліва шмат было бацькоў з дзецьмі ўсіх узростаў: падлеткаў, дашкалят, зусім немаўлят. Сюды, каб узначаліць св. Імшу для самых малодшых парафіян, прыбыў кардынал Пьетра Паралін. Сустрэлі пасланніка Папы каталіцкія біскупы і прадстаўнікі іншых канфесій і рэлігій, якія жывуць у Беларусі: святары Праваслаўнай і Лютэранскай Цэркваў, а таксама равін юдэйскай супольнасці.

Калі св. Імша – дзіцячая, то і прывітанне першым было ад дзяцей: простае і шчырае, і нават на італьянскай мове. Кардынал Пьетра Паралін, у сваю чаргу,  падзякаваў усім, а таксама арцыбіскупу Клаўдыё Гуджэроцці, Апостальскаму нунцыю ў Беларусі і арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу, Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму за гэты візіт. Падчас св. Імшы пасланнік папы Францішка ўзгадаў пра жаданне Пантыфіка адчуць еднасць з католікамі Беларусі, а менавіта па таму кардынал Дзяржсакратар і прыбыў з благаслаўленнем Святога Айца. Ён адзначыў пакутніцкую гісторыю мясцовага Касцёла і краіны, гаварыў пра ролю моладзі і дзяцей у рэлігійным жыцці.

15 сакавіка 2015 г. афіцыйны візіт кардынала Пьетра Параліна завяршыўся. Візіт прадстаўніка Святога Пасаду, які стаў другім у гісторыі сучаснай Беларусі, візіт, ад якога чакаюць вялікіх плёнаў у развіцці Каталіцкага Касцёла і ўвогуле беларуска-ватыканскіх адносін. А тое, што ён прынёс натхненне ўсім вернікам, ужо відавочна.








All the contents on this site are copyrighted ©.