2015-03-14 09:43:00

Кардынал Паралін: Папа ўдзячны католікам Беларусі


Візітам кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна ў Беларусь Папа выражае сваю велізарную ўдзячнасць каталіцкай супольнасці за яе ролю ў гісторыі, у маральным і грамадзянскім узрастанні беларускага народа. Пра гэта сказаў сам бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца падчас урачыстага прыёма, арганізаванага 13 сакавіка 2015 г. Апостальскай Нунцыятурай у Мінску з нагоды другой гадавіны абрання папы Францішка і прыезду Дзяржаўнага Сакратара Яго Святасці ў Беларусь.

На прыёме прысутнічалі высокія госці – прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў, Міністр замежных спраў Уладзімір Макей, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, члены Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў, Патрыяршы экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел і іншыя важныя асобы.

Звяртаючыся да сабраных кардынал Пьетра Паралін, асаблівым чынам адзначыў намаганні Беларусі па дапамозе ў пераадоленні ўкраінскай сітуацыі. “Пакуты суседняй Украіны, так цесна і адчувальна звязанай роднаснымі і гістарычнымі сувязямі з беларускім народам, – гэта наглядны напамін аб жахах вайны і аб тым, што калі мір звесці толькі да крохкай раўнавагі матэрыяльных інтарэсаў, гэта можа раптоўна прывесці да найбольш жорсткага і бесчалавечнага насілля. Святы Пасад высока ацэньвае намаганні беларускіх уладаў пакласці канец канфлікту ва Украіне, каб прадухіліць яго яшчэ больш трагічныя наступствы.”, - сказаў ён.

Пурпурат выказаў пажаданне, каб увесь свет падтрымаў ўпэўненыя намаганні Беларусі, “накіраваныя на ўмацаванне годнасці кожнай чалавечай асобы і ўсяго народа ў цэлым”.

У сваю чаргу арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, Апостальскі нунцый у Беларусі, нагадаў пра важнасць дыялогу дзеля міру, якому асаблівым чынам спрыяе мясцовы Каталіцкі Касцёл. “Касцёл у Беларусі свядома і ў поўнай меры спрыяе гэтаму дыялогу дзеля міру. Касцёл прысутнічае ў гэтым рэгіёне на працягу многіх стагоддзяў з поўным правам лічыцца неад’емнай часткай мясцовага грамадства. Ён спрычыніўся і хоча надалей спрыяць шчасцю кожнага беларуса паасобку і ўсяго беларускага народа ў цэлым.  Гэты ўнёсак з’яўляецца часткай нацыянальнай спадчыны Беларусі з усімі асаблівасцямі яе гістарычнага шляху, да якой належаць і невымоўныя пакуты, падзеленыя католікамі з праваслаўнымі братамі і сёстрамі, а таксама з вернікамі іншых веравызнанняў, перанесеныя з пакорай і маўчаннем, уласцівымі беларускай натуры”, - сказаў ён.

Арцыбіскуп Гуджэроцці падзякаваў кардыналу Дзяржсакратару, за тое, што пагадзіўся стаць “пілігрымам любові” на беларускай зямлі, “прасякнутай крывёю на працягу стагоддзяў, але якая прагне паўнаты спакою, што бярэ свой пачатак ва ўшанаванні годнасці кожнага чалавека і ў мірнай будучыні”. 








All the contents on this site are copyrighted ©.