2015-03-14 14:11:00

Кардынал Паралін пазнаёміўся з сітуацыяй Касцёла ў Беларусі


14 сакавіка 2015 г. адбылася сустрэча Дзяржаўнага Сакратара папы Францішка кардынала Пьетра Параліна з каталіцкімі біскупамі Беларусі. Сустрэча праходзіла ў курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У ёй прынялі ўдзел усе члены беларускага епіскапату і Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Перад сустрэчай кардынал Паралін наведаў мінскі архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі і ўдзяліў благаслаўленне вернікам, якія знаходзіліся ў святыні.

У межах сустрэчы быў закрануты шэраг важных пытанняў. Між іншым увага была звярнуна на неабходнасць будавання еднасці прэзбітэрату і еднасці паміж біскупаў са святарамі. Адзначалася, што ў Беларусі павінна быць адна святарская сям’я, паведамляе сайт Каталіцкага Касцёла ў Беларусі www.сatholic.by

Шмат увагі звярталася на неабходнасць спрыяння пакліканням да святарства і кансэкраванага жыцця, а таксама павышэння якасці выхавання ў беларускіх семінарыях. Было закранута і пытанне фармацыі свецкіх вернікаў.

Кардынал  Паралін падкрэсліў радасць Святога Айца з нагоды заснавання Мінскай тэалагічнай акадэміі імя св. Яна Паўла ІІ. Асаблівая ўвага была прысвечана душпастырству моладзі, як надзеі Касцёла. Разглядаліся адносіны паміж дзяржавай і Касцёлам, дзе, як адзначалася, бачны прагрэс, аб чым сведчыць і візіт Дзяржаўнага Сакратара. Было падкрэслена, што экуменічныя адносіны ў Беларусі добрыя і развіваюцца.

Падчас сустрэчы, якая прайшла ў братэрскай атмасферы, беларускія біскупы праз кардынала Дзяржсакратара запрасілі папу Францішка наведаць Беларусь з пастырскім візітам.








All the contents on this site are copyrighted ©.