2015-03-14 17:32:00

Візіт кардынала Дзяржсакратара ў Беларусь працягваецца


14 сакавіка 2015 г. працягнуўся афіцыйны візіт кардынала Пьетра Параліна ў Беларусь. Раніцай Дзяржсакратар Яго Святасці прыняў удзел у цырымоніі ўскладання вянка да манументу Перамогі. Манумент у цэнтры беларускай сталіцы – сімвал Вялікай Перамогі, 70-годдзе якой адзначаюць шматлікія краіны ў гэтым годдзе. Яшчэ раней кардынал Паралін адзначыў, што ведае і шануе пакутніцкую гісторыю беларуская народа. Каля манумента прагучалі гімны Беларусі і Ватыкана.

Сёння таксама найбліжэйшы супрацоўнік Пантыфіка сустрэўся з Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Зараз яна складаецца з сямі іерархаў. Трэба нагадаць, што менавіта папа Францішак прызначыў у Беларусь трох новых біскупаў. Адбылося гэта напрыканцы 2013 г. Таму кардыналу Параліну цікава было і пазнаёміцца, і пагутарыць з маладымі біскупамі, якія, па сутнасці, знаходзяцца ў гэтай якасці год. Цікавілі яго, вядома, як кажуць працоўныя пытанні: дасягненні і праблемы Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

А вось зносіны са свецкімі прадстаўнікамі краіны працягнуліся на прэс-канферэнцыі. Яе арганізавалі з-за вялікай увагі з боку мас-медыя да візіта. Кардынал Дзяржсакратар пагадзіўся адказаць на ўсе пытанні і сам ініцыяваў дыялог, апавядаючы аб папярэдніх выніках візіту. “Хачу сказаць, што да гэтага моманту візіт пакідае на мне вялікае ўражанне, перш за ўсё, хацеў бы адзначыць спатканне з каталіцкай супольнасцю, якой, як і біскупам, святарам, законнікам і законніцам, а таксама ўсім вернікам, хачу пераказаць блізкасць папы Францішка. Натуральна, што гэтыя спатканні з прадстаўнікамі ўлады служаць ўмацаванню адносін паміж Беларуссю і Святым Пасадам, у першую чаргу, дыпламатычных адносін. Я асабіста вельмі задаволены гэтым візітам і спадзяюся, што ён можа прынесці плёны, якіх чакаюць тыя, хто мяне запрасіў, а таксама плёны, якіх чакае Святы Пасад”, - сказаў іерарх.

Журналісты традыцыйна пыталі і пра міжканфесійныя зносіны, і пра адносіны Каталіцкага Касцёла з дзяржавай, і пра адносіны двух суб’ектаў міжнароднага права – Святога Пасаду і Беларусі. Ці парцягваецца падрыхтоўка пагадненя паміж дзьвума краінамі, ці актуальнае гэта пытанне зараз? “Зараз я  не магу сказаць канкрэтна, калі наступіць завяршэнне гэтай справы. Аб гэтым мы размаўлялі таксама ў бягучыя дні – аб магчымасці заключэння пагаднення паміж дзяржавай і Святым Пасадам у рэлігійных справах, якія прадстаўляюць агульны інтарэс. З нашага боку, і аб гэтым я выразна сказаў дзяржаўным уладам, ёсць рашэнне ісці далей у гэтым напрамку. Але хачу падкрэсліць, што гэта просьба Святога Пасаду паходзіць менавіта з рашэння мясцовага Касцёла, з жадання прынесці большую карысць для каталіцкай супольнасці і для дзяржавы, таму што тады, калі будуць урэгуліраваныя адносіны паміж Касцёлам і дзяржавай, грамадзянам даецца магчымасць свабоднага, больш поўнага вызнавання сваёй веры, таксама і ў сацыяльным вымярэнні”, - адзначыў кардынал Паралін.

Традыцыйна спыталі і пра пілігрымку папы Францішка ў Беларусь: ці набліжае візіт кардынала Дзяржсакратара гэту падзею і пры якіх умовах ён можа адбыцца? “Учора я казаў падчас асвячэння вуглавога каменя новай Апостальскай нунцыятуры, што хацеў бы адчуць сябе ў якасці Яна Хрысціцеля, быць прадвеснікам візіту Святога Айца Францішка ў Беларусь. Вядома, што гэта важнае рашэнне. І хачу заўважыць пасля маіх кантактаў з каталіцкай супольнасцю, асабліва пасля майго сённяшняга спаткання з каталіцкімі біскупамі, што гэта было б прызнаннем каталіцкай супольнасці. Спадзяюся, што гэтае рашэнне можа быць рэалізавана хутка, таму што гэта хрысціянская супольнасць з’яўляецца годнай візіту Пастыра Паўсюднага Касцёла да супольнасці, якая шмат пакутавала ў мінулым, а сёння ў новых рэаліях мае заданне будаваць, захоўваць і ўмацоўваць веру”, - сказаў іерарх падчас сустрэчы з журналістамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.