2015-03-13 14:10:00

Святы Пасад падпісаў дэкларацыю ў абарону хрысціян


13 сакавіка 2015 г. на 28-й сесіі Рады ААН па правах чалавека ў Жэневе была прадстаўлена сумесная дэкларацыя ў абарону хрысціянскіх і іншых супольнасцяў Блізкага Усходу. Тэкст заявы быў сфармуляваны ініцыятыўнай групай, у склад якой увайшлі прадстаўнікі Святога Пасада, Расійскай Федэрацыі і Лівана. Свае подпісы пад дакументам паставілі прадстаўнікі больш чым 50 дзяржаў, у тым ліку і Рэспублікі Беларусь.

У дэкларацыі гаворыцца аб тым, што вострыя канфлікты на Блізкім Усходзе маюць катастрафічныя наступствы для ўсяго насельніцтва гэтага рэгіёна. Асабліва пакутуюць хрысціяне. Насілле, рэлігійная і этнічная нянавісць, фундаменталісцкі радыкалізм, экстрэмізм, няцерпімасць ставяць пад пагрозу існаванне многіх супольнасцяў, у тым ліку і хрысціянскіх. Мільёны людзей вымушаны пакінуць зямлю продкаў. Тыя, хто застаецца, жывуць пад пастаяннай пагрозай рэпрэсій і насілля з боку так званай “Ісламскай дзяржавы”, “Аль-Каіды” і іншых тэрарыстычных груп: іх пазбаўляюць дамоў і зямлі, прадаюць у рабства, забіваюць, караюць смерцю. Разбураны дзясяткі хрысціянскіх цэркваў і старажытных святыняў розных рэлігій, канстатуецца ў дакуменце.

Аўтары дэкларацыі заклікалі ўрады, а таксама грамадскіх і рэлігійных лідараў Блізкага Усходу прыняць меры па вырашэнню гэтай сур'ёзнай праблемы і спрыяць пабудове культуры мірнага суіснавання. Яны заклікалі міжнародную супольнасць падтрымаць старажытныя этнічныя і рэлігійныя супольнасці Блізкага Усходу, калыскі сусветных рэлігій. Гэта падтрымка неабходна для аднаўлення здаровага міжкультурнага грамадства і палітычнай сістэмы, якая гарантуе правы чалавека, у тым ліку і права на свабоду веравызнання, гаварыцца ў дэкларацыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.