2015-03-13 15:26:00

Пасланнік Папы сустрэўся з прэм’ер-міністрам Беларусі


“Такія прыярытэты Папы Рымскага Францішка, як барацьба за сацыяльную справядлівасць, спрыянне міжнацыянальнаму, міжкультурнаму і міжрэлігійнаму дыялогу, з’яўляюцца асноватворчымі і для беларускай дзяржавы”, - адзначыў прэм’ер міністр Беларусі Андрэй Кабякоў 13 сакавіка 2015 г. падчас сустрэчы з кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам у Мінску. Блізкасць падыходаў Апостальскай Сталіцы і Беларусі ў вырашэнні сацыяльных задач, паводле Андрэя Кабякова, з’яўляецца залогам умацавання адносін паміж імі.

“Карыстаючыся магчымасцю перадаю словы прывітання Папе Рымскаму Францішку. Беларускія вернікі з нецярпеннем чакаюць яго на беларускай зямлі”, - сказаў прэм’ер-міністр. Ён таксама падкрэсліў, што “Ватыкан для Беларусі – гэта асаблівы парнёр у міжнародных адносінах”. Прэм’ер-міністр выказаў удзячнасць Святому Пасаду за падтрымку Беларусі на міжнароднай арэне.

Кардынал Паралін падзякаваў старшыні Савета Міністраў за цёплы прыём і прызнаўся, што за кароткі час знаходжання на беларускай зямлі паспеў адчуць гасціннасць яе народа. Кардынал Дзяржсакратар нагадаў, што 13 сакавіка 2015 г. Касцёл адзначае другую гадавіну абрання папы Францішка на Пасад св. Пятра. “Мне вельмі прыемна, што Вы вылучылі некаторыя характэрныя рысы, якія праявіліся з першых дзён пантыфікату папы Францішка: гэта, перш за ўсё, вялікая ўвага да людзей, да народу. І сярод народу, увага да самых бедных і ўразлівых людзей, увага да сацыяльнай справядлівасці, справядлівага размеркавання багаццяў і рэсурсаў”, - сказаў кардынал Паралін.








All the contents on this site are copyrighted ©.