2015-03-13 11:20:00

Кардынал Паралін сустрэўся з Прэзідэнтам Беларусі


13 сакавіка 2015 г. кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін сустрэўся з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, шіто візіт ватыканскага госця з’яўляецца “своечасовым” і “правільным”. “Ёсць шэраг пытанняў, але не праблем, якія мы ў стане вырашыць нават сёння і гэта пойдзе на карысць усёй каталіцкай супольнасці і ўсяму беларускаму грамадству”, - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка, у першую чаргу, распавёў пра міжканфесійнае  супрацоўніцтва ў краіне, якое “характарызуецца абсалютным мірам, узаемаразуменнем”. “Што там ўтойваць – мы гэтым ганарымся”, сказаў палітык.

Беларускі лідэр звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі пражываюць прадстаўнікі каля 30 канфесій, самымі буйнымі з якіх з’яўляюцца праваслаўная і каталіцкая. “Ад іх, шмат у чым залежыць міжканфесійны мір і супрацоўніцтва, якое існуе ў Беларусі. Іх ролю – гэтых двух важнейшых канфесій – немагчыма ацаніць ”, -  падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Па словах Прэзідэнта, за апошнія 20 гадоў колькасць каталіцкіх парафій павялічылася ў чатыры разы, а дзяржава перадала католікам звыш 300 будынкаў і культавых пабудоваў. Сёння веруючыя католікі забяспечаны культавымі будынкамі на 98%. “Такой забяспечанасці, паводле яго слоў, не мае ніводная іншая канфесія ў Беларусі. “Я рызыкну заявіць пра тое, што і за мяжой, напэўна, такія паказчыкі цяжка знайсці”, - адзначыў палітык.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што яго палітыка ў гэтай сферы і палітыка ўсёй дзяржавы грунтуецца на адным тэзісе – “кожны чалавек мае права знайсці свой шлях да Пана, да храму, у які ён лічыць патрэбным прыйсці”. “Гэта яго святое права, якому ніхто не мае права перашкаджаць. Мы прысякаем любыя спробы стварыць перавагі для той, або іншай канфесіі, за кошт другой канфесіі і гэтым дэстабілізаваць міжканфесійную абстаноўку ў Беларусі”, - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на пытанне падрыхтоўкі каталіцкіх святароў і выказаў пажаданне, каб у касцёле ў Беларусі, у кіраўніцтве каталіцкай канфесіі, працавалі пераважна мясцовыя святары. “Мы не пераводзім вырашэнне гэтай праблемы ў плоскасць выключна Ватыкана. Мы разумеем, што для таго, каб мець каталіцкіх святароў беларускага паходжання іх трэба проста рыхтаваць у Беларусі”, - сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён дадаў, што будаўніцтва ў Беларусі адукацыйнай акадэміі было яго ініцыятывай.

Беларускі лідэр выказаў гатоўнасць неадкладна вырашыць усе існуючы пытанні і прыняць усе рашэнні, калі гэта не будзе супярэчыць інтарэсам дзяржавы.

Кардынал Дзяржсакратар, у сваю чаргу, перадаў прывітанне папы Францішка і адзначыў, што мэтай яго візіту з’яўляецца развіццё кантактаў з дзяржаўнымі органамі Беларусі. Ён таксама быў задаволены высокай ацэнкай ролі каталіцкай супольнасці, якую яна грае ў жыцці краіны.








All the contents on this site are copyrighted ©.