2015-03-13 08:41:00

Кардынал Дзяржсакратар пачаў візіт у Беларусь


Самалёт з Дзяржаўным сакратаром Яго Святасці папы Францішка прызямліўся ў мінскім міжнародным аэрапорце дакладна раскладу. Не выпадкова, кардынал Пьетра Паралін ляцеў у Беларусь не спецыяльным, а звычайным рэгулярным рэйсам. Сустракалі каталіцкага іерарха ў зале прылётаў, але не без усіх атрыбутаў афіцыйнага пратаколу – прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў Беларусі і каталіцкага епіскапату краіны. Самая першая і галоўная мэта афіцыйнага візіту – сумесная малітва з вернікамі, знаёмства з жыццём Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і ўвогуле краіны, а таму, магчыма, высокі госць і вырашыў распачаць яго менавіта так. “Я спадзяюся, што візіт кардынала Дзяржсакратара, першага супрацоўніка Святога Айца, азначае, перш за ўсё, умацаванне адносін, сувязяў паміж Апостальскай Сталіцай і мясцовым Касцёлам, Касцёлам у Беларусі, які адыгрывае важную ролю. Я чакаю, перш за ўсё, сустрэчы з каталіцкай супольнасцю, якой кіруюць мясцовыя біскупы, хачу раздзяліць з ёй веру і любоў да Бога, адчуць агульнае сведчанне. Жадаю таксама скіраваць слова падтрымкі ад імя Папы, слова энтузіязма, каб мясцовая супольнасць працягвала вызнаваць веру, захоўваць і ўзмацняць традыцыю мінулага, пазначанаю пераследам”, - адзначыў у інтэрвью Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё іерарх.

Кардынал Пьетра Паралін – упершыню ў Беларусі, візіт адбываецца па запрашэнні дзяржаўных уладаў. Праграма насычаная і разнастайная – сустрэчы на высокім узроўні, з кіраўніцтвам Беларускай Праваслаўнай царквы, Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў, асвячэнні камня пад будаўніцтва Апостальскай нунцыатуры ў Мінску, начное чуванне моладзі, на якое сёлета з’едуцца маладыя вернікі з усёй краіны. Увогуле кардынал Дзяржсакратар – прадстаўнік самаго папы Францішка і яго пасланнік, гэтым жэстам Святы Айцец выказвае павагу народу і мясцоваму Касцёлу. А візіт у Беларусь – гэта таксама і высокая ацэнка ролі краіны – улічваючы занепакоеннасць Святога Пасада украінскім канфліктам – ва ўрэгуляванні драматычнага крызіса, які існуе сёння ва ўсходне-еўрапейскім рэгіёне.  “Для ватыканскай дыпламатыі Беларусь з'яўляецца краінай, якая можа дапамагчы, асабліва ў кантэксце падзей ва Украіне. Я хачу гэта падкрэсліць, паколькі ў дадзены момант гэта вельмі важна. Бо менавіта тут праводзяцца перамовы і тут былі падпісаны “Мінскія дамоўленасці”, якія могуць стаць шляхам для мірнага вырашэння ўкраінскага крызісу”, - сказаў у інтэрвью кардынал Пьетра Паралін.

Кажучы звычайнай мовай, Кардынал Пьетра Паралін – бліжэйшы супрацоўнік і “правая рука” Святога Айца Францішка, ватыканскі дыпламат з вялікім вопытам. Ён працаваў, па меншай меры, на трох кантынентах, у вельмі нялёгкіх з рэлігійнага пункту гледжання рэгіёнах: у Нігерыі, дзе напружанымі былі хрысцінска-мусульманскія адносіны, у Мексіцы, дзе вырашаючую ролю адыграў у юрыдычным прызнанні Каталіцкага Касцёла ў краіне і ўсталяванні дыпламатычных адносін са Святым Пасадам, у Венесуэле, дзе сацыялістычны строй планамерна выцясняў рэлігію з жыцця простых людзей. У 2002 г. Пьетро Паралін стаў намеснікам Сакратара па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі, трэцім чалавекам у ватыканскай дыпламатыі. У гэты час у яго паслужным спісе – Вьетнам, Кітай, выступленне на канферэнцыі аб забароне ядзернай зброі, удзел у перамовах па сітуацыі на Блізкім Усходзе. Дзяржаўным сакратаром Яго Святасці Папы арцыбіскуп Пьетра Паралін быў прызначаны ў жніўні 2013 г. Ён стаў 59-ым па ліку на гэтай пасадзе і самым малодшым сярод кардыналаў Дзяржсакратароў у гісторыі Святога Пасаду, змяніўшы папярэдніка, кардынала Тарчызіо Бэртонэ, які ў 2008 г. таксама наведаў Беларусь. Як і тады, 7 гадоў таму, ад візіта высокага госця чакаюць новага імпульса для развіцця Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і яго адносін з дзяржавай. Сёння кардынал Пьетра Паралін правядзе шэраг сустрэч на самым высокім узроўні.  








All the contents on this site are copyrighted ©.