2015-03-13 15:45:00

Дзяржсакратар прывітаў беларусаў ад імя Папы


Працоўны дзень кардынала Пьетра Параліна ў Мінску 13 сакавіка 2015 г. пачаўся рана. Ужо каля 8.30 Дзяржсакратара папы Францішка сустракалі ў Міністэрстве замежных спраў. Ватыканскі іерарх правёў перамовы з міністрам замежных спраў, падчас якіх Уладзімір Макей адзначыў, што ў краіне высока шануюць аб’ектыўную, узважаную і канструктыўную пазіцыю Ватыкана ў адносінах да Беларусі. “Паміж Беларуссю і Ватыканам склаліся асаблівыя адносіны ўзаемаразумення і даверу. Ватыкан для нас асаблівы партнёр у міжнародных адносінах, і падыходы Ватыкана ў вырашэнні праблем сучаснага грамадства блізкія і зразумелыя беларускаму народу. Ваш прыезд – знакавая падзея для Беларусі, я спадзяюся, што ён будзе садзейнічаць актывізацыі беларуска-ватыканскіх адносін ва ўсіх сферах”, - сказаў міністр замежных спраў Уладзімір Макей.

Кардынал Пьетра Паралін, у сваю чаргу, нагадаў, што візіт у Беларусь дазволіць лепш пазнаёміцца з краінай і яе народам. Іерарх падкрэсліў, што Святы Пасад вядзе адкрытую палітыку у міжнародных адносінах і выказаў упэўненасць, што сувязі з Беларуссю будуць актыўна развівацца.

Першы супрацоўнік Пантыфіка сутрэўся таксама з Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Паўлам, Патрыяршым Экзархам усея Беларусі. Праваслаўная канфесія – колькасна першая ў краіне, католікі – на другім месцы. Беларусь заўсёды называюць унікальнай дзяржавай – тут, на скрыжаванні шляхоў Захада і Усхода, гістарычна склаліся добрыя міжканфесійныя адносіны паміж хрысціянскімі Цэрквамі, якія ў духу супрацоўніцства і братэрства развіваюцца і сёння. Відавочным доказам гэтага стаў ІV Еўрапейскі каталіцка-праваслаўны форум, правядзенне якого ў 2014 г. даручылі менавіта Мінску. Сюды прыехалі 40 іерархаў з розных бакоў Еўропы. Аб гэтым у гутарцы з ватыканскім дыпламатам узгадаў Мітрапаліт Павел. Галоўнай тэмай сустрэчы стала праблема захоўвання хрысціянскіх каштоўнасцяў, на абароне якіх сёння і павінны стаяць дзве Царквы. Наступствы секурярызацыі і глабалізацыі ўжо яўныя: толькі за апошні год свет узрушылі ваенны канфлікт ва Украіне, тэракт у Парыжы, і ў абодвух трагедыях ёсць рэлігійны кантэкст.

Аб тым, што ў Беларусі ўдаецца захоўваць міжканфесійны мір і паразуменне, заявіў сёння Прэзідэнт Беларусі на сустрэчы з Дзяржаўным сакратаром Яго Святасці. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў краіне гэтым ганарацца. Візіт ватыканскага дыпламата такога ўзроўню адбываецца другі раз у сучаснай гісторыі Беларусі. Глава беларускай дзяржавы адзначыў, што менавіта ад двух хрысціянскіх канфесій і залежыць міжканфесійны мір, і роля Каталіцкай і Праваслаўнай Цэркваў ў гэтым неацэнная.

Як паведаміў Прэзідэнт, супрацоўніцтва паміж дзяржавай і Касцёлам адбываецца на добрай аснове, але ёсць і пытанні, якія трэба і можна вырашыць амаль зараз, падчас гэтага візіту. “Мая палітыка ў гэтых адносінах, палітыка ўсёй нашай дзяржавы грунтуецца на адным тэзісе: кожны чалавек мае права знайсці сваю дарогу да Госпада, да храма, да якога ён лічыць патрэбным прыйсці. Гэта яго святое права, ніхто не мае права гэтаму супрацьстаяць. Мы спыняем усякія спробы стварыць перавагу той ці іншай канфесіі за кошт іншых канфесій і тым самым дэстабілізаваць міжканфесійную абстаноўку ў Беларусі. Ёсць пытанне, на якое я звяртаў увагу папярэдняму Пантыфіку, спадзяюся, што і новаму змагу гэта сказаць, праблема падрыхтоўкі каталіцкіх святароў. Мы хацелі б, каб у Царкве працавала больш мясцовых каталіцкіх святароў. Мы не перакладаем рашэнне гэтай праблемы ў плоскасць выключна Ватыкана. Мы разумеем, каб мець святароў – католікаў беларускага паходжання, трэба іх проста рыхтаваць у Беларусі. Таму і будаўніцтва ў Беларусі і прадстаўніцтва Ватыкана, і адукацыйнай акадэміі было маёй ініцыятывай. Я хацеў бы яшчэ раз падзякаваць Вам за візіт і тую працу, якую Вы падчас гэтага візіта зробіце”, - адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Кардынал Пьетра Паралін падзякаваў уладам і асабіста кіраўніку дзяржавы за запрашэнне наведаць Беларусь, за цёплы прыём, магчымасць развіцця адносін з дзяржаўнымі органамі кіравання і бліжэйшага знаёмства з жыццём Каталіцкага Касцёла ў краіне. Кардынал Дзяржсакратар прызнаўся, што яму прыемна слухаць добрыя словы аб высокай ролі рэлігійнай супольнасці ў справе ўсталявання міру, а таксама нагадаў зварот Прэзідэнта Беларусі да ўдзельнікаў Праваслаўна-каталіцкага форума, у якім Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў значнасць хрысціянскіх каштоўнасцяў у сучасным свеце. “Я вельмі рады магчымасці быць сёння разам з вамі. І, карыстаючыся гэтай нагодай, хацеў бы перадаць каталіцкай супольнасці словы прывітання і блізкасці ад папы Францішка. Пасля сутрэчы ў Міністэрстве замежных спраў я сустрэўся з Мітрапалітам Паўлам, адзначу, што падчас сустрэчы можна было адчуць моманты нашых братэрскіх адносін, і хачу адзначыць, што зварот Пантыфіка таксама скіраваны і да беларускіх праваслаўных вернікаў”, - падкрэсліў кардынал Пьетра Паралін.

Прэзідэнт Беларусі праз Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці перадаў у дар Пантыфіку рукатворны абраз “Беззаганнае сэрца Марыі”, які быў зроблены па беларускай тэхналогіі Сожскай скані. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што каштоўнасць іконы ў тым, што яна зроблена звычайнымі людзьмі. І гэта і ёсць сведчанне нашага міжканфесійнага міру і згоды.

Падчас сустрэчы Дзяржсакратара з прем’ер-міністрам Беларусі, Андрэй Кабякоў адзначыў, што ў краіне разглядаюць візіт як сведчанне гатоўнасці Святога Пасада да актывізацыі супрацоўніцтва з Беларуссю, і ўрад надае вялікае значэнне развіццю сяброўскіх адносін з Ватыканам ва ўсіх сферах. “Ватыкан для нас – асаблівы партнёр у міжнародных адносінах, з якім склаліся ўнікальныя адносіны ўзаемаразумення і даверу. Мы ўдзячныя Святому Пасаду за падтрымку нашай краіны на міжнароднай арэне. Такія прыярытэты папы Францішка, як: барацьба за сацыяльную справядлівасць, садзейнічанне міжнацыянальнай, міжкультурнаму і міжрэлігійным дыялогу, з’яўляюцца галоўнымі і для беларускай дзяржавы. Блізкасць нашых падыходаў да вырашэння сацыяльных задач – гарантыя таго, што пры папу Францішку адносіны паміж Беларуссю і Ватыканам не толькі захаваюць сваю сяброўскую танальнасць, але і будуць умацоўвацца. А беларускія вернікі з нецярпеннем чакаюць візіту Пантыфіка”, - сказаў прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў.

Нягледзячы на сённяшні моцны і халодны вецер, а таксама кароткі час, які прабывае кардынал Паралін у Мінску, ён паспеў пераканацца ў сардэчнасці і гасціннасці беларускай зямлі. Дзяржсакратар Яго Святасці адзначыў, што візіт яго адбываецца ў знакавы і гістарычны момант для Ватыкана. “Сёння ў нас, па сутнасці, свята – другая гадавіна абрання папы Францішка. Гэта адбылося 13 сакавіка 2013 г. Мне вельмі прыемна, што вы адзначылі характэрныя асаблівасці, якія з’явіліся з першых дзён пантыфікату папы Францішка. Гэта вялікая ўвага да людзей, да народа, і перш за ўсё, да найбольш бедных і ўразлівых. Гэта ўвага да сацыяльнай роўнасці, да справядлівага размеркавання багаццяў і рэсурсаў”, - сказаў кардынал Пьетра Паралін.  

Падчас сустрэчы Прэзідэнта з кардыналам Дзяржсакратаром ішла гаворка аб будаўніцтве Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі. Кавалак зямлі быў не так даўно выдзелены, неўзабаве будаўніцтва і пачалося. Ватыкан і Беларусь усталявалі дыпламатычныя адносіны больш за 20 гадоў таму, увесь гэты час прадстаўніцства Святога Пасаду дзяліла будынак з іншымі дыпламатычнымі ўстановамі. Прадстаўнік папы Францішка 13 сакавіка 2015 г. вечарам здейсніў асвячэнне вуглавога каменя новага будынка Апостальскай нунцыятуры. Трэба сказаць, што размесціцца яна ў самым цэнтры беларускай сталіцы. Тут знаходзіцца гістарычна самая старажытная каталіцкая парафія Мінска, аб якой захаваліся дакументальныя звесткі, а сёння побач распачалася і новая веха ў гісторыі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

Заўтра кардынал Пьетра Паралін сустрэнецца з каталіцкім епіскапатам Беларусі і прыме ўдзел у велікапостным начным чуванні моладзі, каб бліжэй пазнаёміцца з жыццём вернікаў і правесці з імі час у сумеснай малітве.   








All the contents on this site are copyrighted ©.