2015-03-12 16:23:00

Ці сапраўды Канстанцін абвясціў Езуса Богам?


У адной са сваіх кніг Дэн Браўн апавядае аб тым, што нібыта перад Нікейкім Саборам “Вучні Езуса бачылі ў Ім толькі смяротнага прарока: вялікую і моцную асобу, але толькі чалавека”. Паводле пісьменніка, імператар Канстанцін першым абвясціў Яго Богам і загадаў знішчыць усе Евангеллі, якія  казалі аб адваротным. Дэн Браўн піша: “Пытанне аб асобе Езуса Хрыста, як “Сына Божага”, было афіцыйна прапанавана і пастаўлена на галасаванне падчас Нікейскага Сабора (...) Канстанцін, які быў прыхільнікам версіі аб боскасці Езуса, перамяніў Яго ў Бога, які знаходзіцца па-за светам і надзяліў яго ўладай, якой нельга супярэчыць (...) З таго часу паслядоўнікі Хрыста маглі збавіцца толькі праз шлях, які лічыўся адзіным святым і быў прапанаваны Рымскім Каталіцкім Касцёлам”. Паводле Дэна Браўна – гэта было толькі пытаннем улады.

На самой справе хрысціяне верылі ў боскасць Езуса ад самага пачатку. Словы евангеліста Яна, якія адносяцца да першай паловы ІІ ст. ясна кажуць: “Бо так Бог палюбіў свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае” (Ян 3,16). Апостал Тамаш, пасля ўваскрасення Езуса звярнуўся да Яго са словамі: “Мой Пан і мой Бог!” (Ян 20,28). Больш чым у 40 фрагментах Новага Запавету Хрыстос называецца “Сынам Божым”. Каля 150 г. н.э. адзін з самых аўтарытэтных настаўнікаў Касцёла св. Юстын, які памёр мучаніцкай смерцю праз паўстагоддзі, катэгарычна сцвярджаў, што Езус Хрыстус быў Богам і адзіным Сынам вечнага Бога. Да таго самага перыяду адносіцца “Рымскі сімвал веры” – прататып “Апостальскага сімвала веры”, якім мы карыстаемся да сённяшніх дзён. У ім таксама казалася: “Веру ў Бога Айца Усемагутнага і Езуса Хрыста, Сына Яго Адзінага, нашага Пана...”.

Тое, што на самой справе адбывалася падчас Нікейскага Сабора – гэта абмеркаванне тэалагічнага пытання, якое пагражала падзяліць старжытнае хрысціянства. Дыскусія пачалася ў Аляксандрыі, паміж мясцовым біскупам Аляксандрам і святаром Арыем. У цэнтры дэбатаў было пытанне аб Святой Тройцы. Арый пытаўся патлумачыць свайму біскупу, што былі часы, калі Езус не існаваў, а затым быў створаны Богам. Такім чынам ён сапраўды быў Сынам Божым і падобным на Айца, але не адзінасутны Айцу, як сцвярджаў Аляксандр.

Розніца паміж гэтымі поглядамі дала пачатак вялікай барацьбе. Аляксандр склікаў Сінод, які абвясціў арыянства ерассю. Наступнікі гэтага вучэння уцяклі напачатку ў Палестыну, а затым ў Малую Азію, каб пераканаць мясцовае духавенства ў сваёй праваце. Калі імператар Канстанцін даведаўся аб пагрозе рэлігійнага раскола, ён тэрмінова заклікаў іерархаў прымірыцца і паяднацца. Яго цікавіла тое, каб абодва бакі знайшлі паразуменне адно з адным як мага хутчэй і Касцёл не быў падзелены. Так нарадзілася ідэя правесці Сабор. Да сённяшняга дня захаваліся некаторыя пратаколы гэтага Сабора, якія даюць магчымасць аднавіць сутнасць дэбатаў, якія падчас яго вяліся.

Еўсебій з Цэзарэі, прыхільнік Арыя, прапанаваў у якасці альтэрнатывы прыняць формулу старажытнага вызнання веры, у якім аб боскасці Езуса казалася агульнымі словамі. Імператару гэта прапанова спадабалася (бо ён быў гатовы прыняць любую версію, якая б спрыяла адзінству), аднак паміж удзельнікамі Сабора еднасці не было.

Дыскусія разгарнулася вакол пытання аб тым, ці Езус з’яўляецца падобным Айцу або адзінасутным з Айцом – гэта значыць Богам. Супраць Арыян выступілі біскупы самых паважаных Касцёлаў: Аляксандрыйскага, Антыяхійскага і Ерузалемскага. Папа, ў той час знаходзіўся далёка ад Сабора.

Канстанцін падтрымаў іх таксама. Тады біскуп Осій з іспанскай Кардобы, сфармуліраваў Нікейскі сімвал веры, у які ўключыў радкі аб тым, што Езус “народжаны, а не створаны, адзінасутны Айцу”. Усе біскупы, за выключэннем двух прынялі яго. Па загадзе імператара Арый быў высланы ў Ілірыю, яго кнігі былі спалены, а валоданне імі каралася смерцю. У тыя часы ерась лічылася дзяржаўным злачынствам.

Канстанцін дзейнічаў выключна ў палітычных інтэрэсах. Яму было ўсё роўна якая версія аб прыродзе Хрыста будзе прынята, галоўнае, каб яна не прывяла да раскола ў імперыі. Такім чынам не Канстанцін змяніў хрысціянства. Ён толькі прыняў рашэнне зацверджанае біскупамі. Не ён абвясціў Хрыста Богам, але быў сведкам, як хрысціянская традыцыя перамагла новую ерась Арыя.

Нягледзячы на рашэнні Нікейскага Сабора хрысціянства засталося падзеленым. Многія арыянскія біскупы не пагадзілся з боскасцю Езуса і нават намагаліся пераканаць імператара ў тым, што ён дапусціў грэх падтрымаўшы прыхільнікаў такога меркавання. Нарэшце Канстанцін сам паверыў у тое, што нібыта дапусціў памылку. Ён дазволіў Арыю вярнуцца з выгання, а прымусіў пакінуць Александрыю яе Патрыярха Атаназія. Праз два гады, паміраючы, Канстанцін атрымаў хрост ад арыянскага біскупа Еўсебія з Нікамедыі.

Арыянства яшчэ існавала на працягу некалькіх стагоддзяў. Яго прынялі плямёны готаў. Гэта прымусіла склікаць яшчэ адзін Сабор на якім канчаткова быў падцверджаны Нікейскі сімвал веры. Канчаткова гэта ерасць перастала існаваць, калі ў 662 г. перайшоў у каталіцтва кароль лангабардаў Грымуальда І, які першапачаткова таксама быў арыянінам. 

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка








All the contents on this site are copyrighted ©.