2015-03-12 13:13:00

Святы Айцец: альбо любім – альбо з’яўляемся крывадушнікамі


Хрысціянін не мае кампрамісных шляхоў: калі не дазволіць Божай міласэрнасці дакрануцца да сябе і не любіць бліжняга, стане крывадушнікам, які ўсё разбурае, замест таго, каб чыніць дабро, адзначыў папа Францішак 12 сакавіка 2015 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У сваёй гаміліі Святы Айцец закрануў тэму нявернасці выбранага народа перад Богам. Атрымаўшы шмат благаслаўленняў, ён усё роўна не слухаў голасу Пана, аддаляўся ад Яго, не жадаючы выконваць Яго волю. Гэта прывяло да зацвердзення сэрцаў, ў якія больш не магло ўвайсці Божае слова.

“Таксама і наша асабістая гісторыя можа стаць такой. І сёння, у гэты велікапосны дзень, кожны можа задаць сабе пытанне: “Ці я слухаю голасу Пана або раблю тое, чаго сам жадаю, тое, што мне падабаецца?”, - сказаў Францішак.

Каментуючы евангельскі ўрывак пра выгнанне злога духа з нямога чалавека, Папа заўважыў, што ў адказ на гэты добры ўчынак, Езус атрымаў толькі абвінавачванні і асуджэнні: маўляў, выганяеш дэманаў сілай Бэльзэбула. Паводле Францішка, так звычайна паступаюць людзі празмерна прывязаныя да літары закона, які “думаюць, што жыццё рэгулюеца прыказаннямі”.

Святы Айцец нагадаў, што падобныя здарэнні адбываліся і ў гісторыі Касцёла, напрыклад са св. Жанай Д’Арк, якая была спалена на кастры, будучы абвінавачанай ў ерасі настаўнікамі закона, “якія аддаліліся ад любові Божай”.

Паводле Францішка Бог заўсёды пасылае Касцёлу сваіх святых, каб ён мог ісці наперад. Святыя, “гэты тыя, якая адкрываюцца на пяшчоту Божай міласэрнасці”. Таму яны разумеюць чалавечую беднасць і суправаджаюць народ, будучы блізка з ім. “Не пагарджаюць народам”, - падкрэсліў  Пантыфік. Святы Айцец адзначыў, што ў жыцці можа ісці толькі шляхам любові або крывадушнасці, а трэццяга, кампраміснага шляху – не існуе.  








All the contents on this site are copyrighted ©.