2015-03-12 12:22:00

Кардынал Паралін пра выклікі для ватыканскай дыпламатыі


Задача пабудовы міру патрабуе ад Святога Пасада канкрэтных дзеянняў, накіраваных на дасягненне “братэрства” і мірнага “суіснавання” народаў у рамках міжнароднага права, адзначыў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін, звяртаючыся 11 сакавіка 2015 г. да студэнтаў і выкладчыкаў Папскага грыгарыянскага ўніверсітэта. Ватыканскі іерарх нагадаў, што голас Папы ў пытаннях міру заўсёды меў і мае вагу на міжнароднай арэне. Мэта Святога Пасада заключаецца ў тым, каб спрыяць дасягненню міра як плёна справядлівых адносін, павагі да міжнародных нормаў і гарантыі асноўных праў чалавека, падкрэсліў ён.

На думку кардынала Параліна, сучаснае міжнароднае права прытрымліваецца ідэі такога міру, якая не выключае магчымасці вайны. “Жорсткія падзеі гэтых дзён” патрабуюць ад дзяржаў і міжурадавых арганізацый “прыняцця мер, накіраваных на прадухіленне вайны ў любой яе форме”, з дапамогай прыладаў, якія дазваляюць мірна вырашаць спрэчныя пытанні, такіх як дыялог, перамовы, пасярэдніцтва і пагадненне, падкрэсліў ватыканскі пурпурат.

Кардынал Дзяржсакратар, адзначыў неабходнасць у нарматыўных інструментах для рэгулявання наступстваў “канфліктаў, якія ўжо скончыліся ”. Маюцца на ўвазе вяртанне бежанцаў, аднаўленне палітычных і эканамічных адносін, уз'яднанне сем'яў, вяртанне маёмасці, кампенсацыя страт. Кажучы пра такія “гарачыя” тэмы, як раззбраенне і абарона рэлігійных меншасцяў, Пьетра Паралін падкрэсліў, што ўжыванне сілы “для раззбраення агрэсара” павінна быць “апошняй мерай законнай самаабароны”.

Кардынал Дзяржсакратар нагадаў пра неабходнасць пабудовы “культуры міру”, барацьбы з беднасцю і эканамічнай адсталасцю. “Няроўнае размеркаванне харчовых рэсурсаў, адсутнасць доступу да рынкаў, несправядлівыя правілы міжнароднага гандлю, няспелая экалагічная свядомасць, забруджанне навакольнага асяроддзя – вось тыя фактары, якія патрабуюць сапраўднай салідарнасці дзяржаў для гарантыі мірнай будучыні”, - перакананы кардынал Дзяржсакратар.








All the contents on this site are copyrighted ©.