2015-03-11 12:02:00

Францішак да пажылых: станем паэтамі малітвы!


У сваёй катэхезе падчас агульнай аўдыенцыі 11 сакавіка 2015 г. Святы Айцец  распавёў пра пакліканне пажылых. Ён заўважыў, што і сам належа да гэтай катэгорыі людзей і ўзгадаў, як падчас візіту на Філіпіны, мясцовыя вернікі называлі яго “дзядулем Францішкам”.

“Першай важнай рэччу, якую неабходна падкрэсліць, з’яўляецца той факт, што сапраўды, грамадства спрабуе нас выкінуць на ўзбочыну, але канешне не Пан. Ён нас кліча ісці за сабой у любым узросце. Таксама і старасць утрымлівае ў сабе пэўную ласку і місію, сапраўднае пакліканне Пана. Яна не з’яўляецца момантам калі трэба “скласці вёслы ў лодку”. Гэты перыяд жыцця адрозніваецца ад папярэдніх, безумоўна; мы павінны нават крыху “прылаўчыцца”, таму што нашы грамадствы не гатовы, духоўна і маральна, належным чынам ацаніць гэты жыццёвы перыяд. Раней, сапраўды, для нас не было звычайна мець столькі часу ў распараджэнні; зараз яго нашмат больш. І нават для хрысціянскай духоўнасці гэта было крыху нечакана; існуе патрэба ў падкрэсліванні духоўнасці пажылых. Але дзякуй Богу, існуе дастаткова сведчанняў пажылых святых!”, - сказаў Папа.

Каментуючы евангельскае апавяданне пра “старца” Сімяона і “прарочыццу” Ганну, якая мела 84 гады і “не хавала свайго ўзросту”, Святы Айцец заўважыў, што чаканне Пана займала ўсё іх жыццё і яны не мелі больш важнага занятку за гэты. Калі ўбачылі Езуса, “цяжар старасці адразу знік” і яны адкрылі для сябе “новую моц, для новага задання: узносіць падзяку і сведчыць аб гэтым Знаку Божым”. У выніку, “Сімяон зымправізаваў цудоўны гімн праслаўлення – ён быў паэтам у той момант, – а Ганна стала першай прапаведніцай Езуса: “казала пра Яго ўсім, хто чакаў вызвалення Ерузалема”, - падкрэсліў Францішак.  

“Дарагія бабулі і дзядулі, дарагія пажылыя, пойдзем шляхам гэтых незвычайных старцаў! Станем таксама і мы крыху паэтамі малітвы: адчуем смак пошуку ўласных словаў, авалодваючы тымі, якім нас вучыць Слова Божае. Малітва бабуль і дзядуль, малітва пажылых – гэта вялікі дар для Касцёла. Гэта вялікая ін’екцыя мудрасці для ўсяго чалавечага грамадства: асабліва для таго, якое празмерна заклапочана справамі, празмерна занятое, празмерна разгубленае”, сказаў Пантыфік.

Святы Айцец паставіў у прыклад Бэнэдыкта XVI, “які вырашыў правесці апошні перыяд свайго жыцця ў малітве і слуханні Бога”. Ён таксама працытаваў словы французскага праваслаўнага тэолага і гісторыка Аліўе Клемана: “Цывілізацыя, у якой не моляцца – гэта цывілізацыя ў якой старасць не мае сэнсу. Мы маем патрэбу ў пажылых, якія моляцца, таму што старасць нам дадзена менавіта для гэтага”.

“Мы можам дзякаваць Пану за атрыманыя ласкі, запаўняць пустэчу няўдзячнасці, якая Яго акружае. Мы можам маліцца ў інтэнцыі чаканняў новых пакаленняў і шанаваць памяць і ахвярнасць мінулых. Мы можам нагадваць амбіцыйнай моладзі, што жыццё без любові – убогае. Можам казаць моладзі, якая баіцца, што трывога за будучыню можа быць пераможана. Мы можам навучыць моладзь, празмерна закаханую ў сябе, таму, што больш радасці ёсць ў тым, каб даваць, чым атрымліваць. Дзядулі і бабулі складаюць пастаянны “харал” вялікага духоўнага санктуарыя, у якім малітва заступніцтва і спеў праслаўлення падтрымліваюць супольнасць, што працуе і змагаецца на полі жыцця”, - сказаў Францішак.

Святы Айцец падкрэсліў, што малітва ачышчае сэрца – не дазваляе яму зацвярдзець і стаць эгаістычным. “Як непрыемна бачыць цынізм пажылога, які згубіў сэнс свайго сведчання, пагарджае моладзю і не перадае жыццёвай мудрасці! Але як цудоўна бачыць, калі пажылыя аказваюцца здольнымі падтрымліваць маладых людзей, якія шукаюць сэнсу веры і жыцця. Гэта сапраўдная місія пажылых, гэта іх пакліканне”, - сказаў Францішак.

На заканчэнне катэхезы Пантыфік нагадаў, што словы бабуль і дзядуль маюць асаблівае значэнне для моладзі. Ён прызнаўся, што заўсёды носіць з сабой у брэвіярыі ліст, якія напісала яму бабуля ў дзень яго святарскага пасвячэння. Папа адзначыў, што марыць аб тым дні, калі Касцёл адкажа на выклік культуры выкідання людзей на ўзбочыну радасцю новай салідарнасці паміж моладзю і пажылымі. 








All the contents on this site are copyrighted ©.