2015-03-11 12:49:00

Пантыфіку прадэманстравалі посах св. Тэрэзы Авільскай


11 сакавіка 2015 г. папе Францішку быў прадэманстраваны посах св. Тэрэзы Авільскай – сціплая драўляная прылада, якой знакамітая кармелітанская святая карысталася ў апошнія гады свайго жыцця. Перыгрынацыя гэтай рэліквіі была арганізавана з нагоды 500-годдзя з дня нараджэння св. Тэрэзы, якое будзе адзначацца 28 сакавіка. З кастырчніка 2014 г. яна пабывала ў кармелітанскіх святынях ў 30 краінах на пяці кантынентах. Каштоўную рэліквію група пілігрымаў прадэманстравала Пантыфіку падчас агульнай аўдыенцыі. Разам з імі на сустрэчу з Папам прыбылі каля 50 вернікаў з іспанскіх дыяцэзій Авіла і Альба-дэ-Тормэс – месцаў нараджэння і смерці св. Тэрэзы.

Па традыцыі звяртаючыся да розных катэгорый вернікаў, сабраных на ватыканскай плошчы, Францішак пажадаў, каб прыклад духоўнасці іспанскай святой заахвочваў моладзь да радаснага сведчання аб веры; яе давер да Пана – падтрымліваў хворых у моманты выпрабаванняў; а яе нястомнае апостальства, стымулявала сужонкаў ставіць Хрыста ў цэнтр свайго сумеснага жыцця.

Пасля перыгрынацыі ў Ватыкан посах св. Тэрэзы вернецца ў Авілу, дзе будзе выстаўлены падчас святкавання юбілею яе нараджэння. З красавіка працягнецца яго падарожжа па кармелітанскіх святынях і цэнтрах.








All the contents on this site are copyrighted ©.