2015-03-11 13:57:00

Курсы для спаведнікоў праходзяць у Рыме


9-13 сакавіка 2015 г. ў Рыме праходзяць спецыяльныя курсы для спаведнікоў, арганізаваныя Апостальскай Пэнітэнцыярыяй. У цэнтры ўвагі іх удзельнікаў знаходзяцца пытанні належнага ўдзялення сакрамэнту споведзі, яго кананічныя, маральныя, літургічна-душпастырскія аспекты, а таксама правы і абавязкі пэнітэнтаў, складаныя сітуацыі, якія ўзнікаюць у гэтай сферы. Падобныя мерапрыемствы арганізуюцца ўжо на працягу амаль 25-ці гадоў у перыяд Вялікага посту, адзначыў рэгент Апостальскай Пэнітэнцыярыі кс. Кшыштаф Ныкель у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё.

Паводле святара, удзяленне сакрамэнту споведзі для святароў павінна быць адным з душпастырскіх прыярытэтаў, таму што “дае магчымасць належна фармаваць сумленні вернікаў, дапамагаючы ім прымаць Хрыста ў сваё сэрца і адкрывацца на Яго прысутнасць, якая заўсёды здольная змяняць, навяртаць, абнаўляць усё”. Біскуп Ныкель падкрэсліў, што адрасатамі курсаў з’яўляюцца, у першую чаргу маладыя святары і дыяканы.

Рэгент Апостальскай Пэнітэнцыярыі прызнаў, што апошнім часам у Еўропе, усё менш і менш людзей прыступаюць да споведзі. На яго думку, адна з прычын гэта ў страце пачуцця граху, асабліва сярод моладзі. Гэта звязана з выключэннем Бога з сучасных культурных гарызонтаў. “Розныя плыні сучаснага мыслення (рэлятывізм, атэізм, ідэалізм, матэрыялізм), абсалютызуючы чалавечы розум, прынеслі адмаўленне любой маральнай і этычнай адказнасці: усё можна, усё дазволена, адзінай праўдай з’яўляецца “маё асабістае меркаванне”, - сказаў ён і дадаў, што ў такой сітуацыі знікае мяжа паміж дабром і злом. Так людзі перастаюць “адчуваць сябе грэшнікамі і не маюць патрэбы звяртацца да Бога, навяртацца, сустракацца з прыгажосцю Яго прабачэння”.

Кс. Ныкель падкрэсліў, што курсы для спаведнікоў, арганізаваныя ў Рыме, павінны дапамагчы ў фармаванні святароў, у якасці апосталаў і місіянераў міласэрнасці Божай. “ Галоўная духоўная і душпастырская мэта нашага курсу, заключаецца ў тым, каб абудзіць у святарах свядомаць неад’емнасці споведзі для шляху ўласнай святасці, а таксама святасці свецкіх вернікаў, давераных іх клопату”. Споведзь, з’яўляўляецца абавязковым элементам на гэтым шляху, падкрэсліў рэгент Апостальскай Пэнітэнцыярыі.

Зананчэнне курсаў для спаведнікоў супадзе сёлета з ініцыятывай “24 гадзіны для Пана”, пачатак якой 13 сакавіка дасць папа Францішак, узначаліўшы пакутнае набажэнства ў базыліцы св. Пятра. У рамках мерапрыемства, на працягу сутак будуць бесперапыўна адкрыты касцёлы ў цэнтры Рыма, у якіх можна будзе прыступіць да сакрамэнту споведзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.