2015-03-10 15:09:00

Святы Пасад у ААН пра абарону навакольнага асяроддзя


Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Жэневе выступіў 9 сакавіка 2015 г. на пасяджэнні Савета па правах чалавека. Ён звярнуў увагу на сувязь паміж правамі чалавека, уключаючы права на развіццё, і павагай да навакольнага асяроддзя. Арцыбіскуп Сільвана Тамазі падкрэсліў пункты, выкананне якіх, на думку Апостальскай Сталіцы, патрэбна для дасягнення ўсеагульнай справядлівасці. Гаворка ідзе пра ўклад усіх, у адпаведнасці з іх рэальнымі магчымасцямі, у эканамічнае і тэхналагічнае развіццё, пра абмен ведамі аб доступе да асноўных рэсурсаў і іх вытворчасці, пра адказнасць за выпраўленне шкоды, нанесенай навакольнаму асяроддзю, з боку буйных карпарацый. 

Ватыканскі дыпламат заявіў, што шкода навакольнаму асяроддзю можа мець негатыўныя наступствы, як прамыя, так і ускосныя, для эфектыўнага ажыццяўлення правоў чалавека. Таму дзяржавы павінны знайсці баланс паміж абаронай навакольнага асяроддзя і іншымі законнымі інтарэсамі грамадства. Арцыбіскуп станоўча адзначыў уведзеную ААН практыку па маніторынгу эканамічных, экалагічных і сацыяльных наступстваў, выкліканых паўсядзённай дзейнасцю буйных кампаній і карпарацый.








All the contents on this site are copyrighted ©.