2015-03-10 13:21:00

Ватыканскі кардынал: душпастырства ці дактрына?


Не можна дазволіць, каб душпастырства ўзяло верх над вучэннем Касцёла. Дактрына з’яўляецца асновай, без якой усё развальваецца, заявіў у інтэрв’ю французскаму штотыднёвіку “Le Journal du dimanche” кардынал Рабер Сара, прэфект Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў. Ён адзначыў, што людзей, якія думаюць, як ён, у Касцёле вельмі шмат.

Іерарх нагадаў, што ў такіх пытаннях, як разводы, гомасексуальныя адносіны і свабодныя саюзы, Бог выказаўся ясна. Таксама ў пытанні св. Камуніі для католікаў, якія развяліся і жывуць у новых несакрамэнтальных саюзах, Ян Павел II не пакінуў ніякіх сумневаў – яны не могуць прыступаць да яе. Кіраўнік дыкастэрыі адзначыў, аднак, што Каталіцкі Касцёл ужо займае вельмі адкрытую пазіцыю адносна разведзеных. І яны, і іх дзеці маюць сваё месца ў супольнасці.

Аднак, калі хтосьці не хоча прызнаваць важнасць дактрыны, няхай застанецца язычнікам, - сказаў кардынал Сара, падкрэсліваючы, што за вучэнне Касцёла мучанікі аддавалі сваё жыццё. На яго думку, Касцёл у Еўропе становіцца ўсё больш і больш слабым, таму што мараль і хрысціянскія каштоўнасці паддаюцца рэлятывізму. Маладыя людзі больш не маюць апоры, ім не хапае арыенціраў.

Кіраўнік ватыканскай дыкастэрыі заявіў, што ён вельмі задаволены папулярнасцю папы Францішка, толькі шкадуе, што часам яна мае даволі павярхоўны характар. Вернікі хочуць бачыць Папу, дакрануцца да яе, зрабіць фатаграфію з ім, але святары ў Італіі прызнаюць, што касцёлы пусцеюць, сказаў кардынал Рабер Сара у інтэрв’ю французскаму штотыднёвіку “Le Journal du dimanche”.








All the contents on this site are copyrighted ©.