2015-03-09 11:32:00

Пантыфік у рымскай парафіі: ці Езус нам давярае?


Аб важнасці Божага слова, якое ачышчае душу, казаў папа Францішак 8 сакавіка 2015 г., наведваючы рымскую парафію Найсвяцейшай Панны Марыі Маці Адкупіцеля, ва ўсходняй частцы горада. Каментуючы фрагмент Евангелля аб выгнанні Езусам гандляроў са святыні, у сваёй гаміліі Францішак адзначыў, што ён утрымлівае адзін вобраз і адно слова. Першае – гэта выгнанне гандляроў з пугай у руцэ, а другое – недахоп даверу да гэтай групы, таму што Езус ведаў гэтых людзей добра, цудоўна ведаў, што ёсць у чалавеку.

Францішак падкрэсліў, што мы не можам падмануць Бога, і заклікаў кожнага задаць сабе пытанне: Ці Езус мне давярае? Ці, можа, ўва мне прысутнічае двудушнасць: я – католік блізкі да Касцёла, але ў паўсядзённасці я – язычнік? Пантыфік адзначыў, што перад Езусам мы не можам прыкідвацца, і перасцярог ад крывадушнасці, якая аддаляе ад Яго. Ён заклікаў паглядзець на сябе аб’ектыўна і заўважыць бруд, з якога мы павінны ачысціцца. Менавіта гэта і жадае зрабіць з намі Хрыстус у сваёй міласэрнасці.

Па дарозе ў парафію Марыі Маці Адкупіцеля Францішак спыніўся ў цэнтры “Caritas”, дзе сустрэўся з хворымі і беднымі, пра якіх клапоцяцца Місіянеркі міласэрнасці Маці Тэрэзы з Калькуты.

Затым, на парафіяльным двары Папа спаткаўся з дзецьмі і моладдзю і адказаў на іх пытанні. Ён гаварыў, між іншым, аб ганарлівасці сатаны і пекле, аб адмове ад Бога. Пантыфік прыгадаў гісторыю пра добрага злодзея, укрыжаванага побач з Езусам. У заключэнне ён адзначыў, што ў пекла ідзе той, хто адкідвае Божае прабачэнне, а ў Неба – той, хто просіць у Бога прабачэння і прымае яго.

Рымскую парафію Найсвяцейшай Панны Марыі Маці Адкупіцеля наведаў 10 красавіка 1988 г. св. Ян Павел II.








All the contents on this site are copyrighted ©.