2015-03-06 13:14:00

Пантыфік спачувае з прычыны смерці кардынала Ігана


Папа Францішак спачувае ў сувязі са смерцю амерыканскага кардынала Эдварда Майкла Ігана, арцыбіскупа Нью-Ёрка на пенсіі. Іерарх памёр 5 сакавіка 2015 г. ва ўзросце 82-х гадоў. У сваёй спецыяльнай тэлеграме Святы Айцец засведчыў духоўную блізкасць да амерыканскага духавенства і вернікаў і даверыў “высакародную душу памерлага кардынала Богу, Айцу Міласэрнасці, з удзячнасцю за годы яго біскупскага служэння статку Хрыста ў Брыджпарце і Нью-Ёрку”. Пантыфік адзначыў заслугі пурпурата перад Апостальскай Сталіцай і яго ўклад у якасці эксперта ў перагляд касцёльнага права пасля ІІ Ватыканскага Сабору.

Спачылы іерарх з 1970-х гадоў працававаў у дыкастэрыях Рымскай курыі і ўваходзіў у групу па пераглядзе Кодэксу кананічнага права. У 1985 г., атрымаўшы біскупскае пасвячэнне, вярнуўся ў ЗША ў якасці дапаможнага біскупа Нью-Ёркскай архідыяцэзіі. У 1988 г. быў прызначаны біскупам Брыджпарта, а ў 2000 г. стаў арцыбіскупам Нью-Ёрка і знаходзіўся на гэтай пасадзе да 2009 г. Кардынальскі берэт атрымаў з рук Яна Паўла ІІ падчас кансісторыя 21 лютага 2001 г.

Са смерцю кардынала Ігана, Калегія кардыналаў складаецца з 226 пурпуратаў, 125 з якіх маюць права ўдзельнічаць у магчымым канклаве.








All the contents on this site are copyrighted ©.