2015-03-05 15:42:00

Пробашчы (І)


Сёння мы працягваем гаворку аб арганізацыі парафіяльнага жыцця і пра правы і абавязкі пробашча – як уласнага пастыра парафіі, прызначанага біскупам. Парафію дыяцэзіяльны біскуп даручае таму святару, каго, пасля разважання ўсіх абставін, палічыць здатным да ажыццяўлення апекі над дадзенай парафіяй, выключаючы ўсялякія асабістыя перавагі. Наогул, пробашч павінен мець пастырскую апеку толькі аб адной парафіі, і гэта відавочна, аднак сёння нажаль даволі часта здараюцца сітуацыі недахопу святароў, таму ў такіх ці нейкіх іншых падобных абставінах апека аб некалькіх суседніх парафіях можа быць даручана аднаму пробашчу, але гаворка не ідзе аб тым, што аб’ядноўваюцца самі парафіі, толькі пробашч з’яўляецца пробашчам адразу ў двух парафіях.

Святар становіцца пробашчам не адразу пасля дэкрэту біскупа, а пасля ўступлення ў валоданне парафіяй. Гэта ўрачысты абрад часцей за ўсё адбываецца падчас Святой Імшы, на якой прысутнічаюць ардынарый або дзекан, а таксама шматлікія вернікі.

Галоўным заданнем пробашча парафіі з’яўляецца тое, каб Божае слова абвяшчалася тым, хто пражывае ў парафіі, і не толькі католікам; таму ён павінен клапаціцца аб тым, каб свецкіх вернікаў настаўлялі ў праўдах веры, асабліва праз гаміліі ў нядзелі і прадпісаныя святы, ён павінен арганізаваць катэхезу ў парафіі і іншую дзейнасць, якая дапамагае ў зацвярджэнні евангельскага духа, у тым ліку і ў сферы сацыяльнай справядлівасці; асаблівую апеку пробашч павінен праяўляць у каталіцкім выхаванні дзяцей і моладзі – канешне, не ўсё залежыць ад пробашча, вельмі важным з’яўляецца таксама клімат у сям’і, але пробашч павінен арганізаваць магчымасці для каталіцкага выхавання.  Пробашч таксама у тым ліку ў супрацоўніцтве з вернікамі, імкнуцца да таго, каб евангельская вестка дайшла таксама да тых, хто адышоў ад рэлігійнага жыцця або не вызнае сапраўднай веры. Як мы бачым, поле для працы ў пробашча – вельмі вялікае, таму таксама ў парафіі вельмі важнай з’яўляецца дапамога іншых святароў, манаскіх асобаў і свецкіх вернікаў.

Яшчэ пробашч павінен клапаціцца аб тым, каб найсвяцейшая Эўхарыстыя – Святая Імша - была цэнтрам жыцця парафіяльнай супольнасці; працаваць над тым, годна і з належнай падрыхтоўкай цэлебраваліся іншыя сакрамэнты, і асабліва пробашч павінен клапаціцца аб тым, каб вернікі часта прыступалі да сакрамэнту пакаяння і прымалі Святую Камунію; ён павінен таксама імкнуцца прыводзіць вернікаў да таго, каб яны стваралі малітву ў сем’ях, а таксама свядома і дзейна ўдзельнічалі ў святой літургіі, кіраваць якой у сваёй парафіі павінен пробашч пад уладай дыяцэзіяльнага біскупа; пробашч таксама павінен сачыць за тым, каб ў літургію не закрадваліся злоўжыванні.

Як мы ўжо казалі, пробашч з’яўляецца пастырам парафіі,таму натуральна, што ён павінен ведаць сваіх вернікаў, таму ён павінен імкнуцца пазнаць вернікаў, даручаных яго апецы, наведваць сем’і (і каляда – душпастырскае наведванне сямей у часе Божага Нараджэння з’яўляецца вельмі добрай аказіяй для гэтага), па магчымасці пробашч павінен удзельнічаць у клопатах вернікаў, асабліва пацяшаючы ў іх смутках, умацоўваць іх у Пану, а таксама разважліва папраўляць іх, калі яны саграшылі; хворых, асабліва тых, якія знаходзяцца пры смерці, ён павінен падтрымліваць сапраўднай хрысціянскай любоўю, клапатліва ўмацоўваючы іх сакрамэнтамі і даручаючы іх душы Богу; асаблівую ўвагу ён павінен удзяляць бедным, прагнучым, адзінокім, выгнаным з айчыны, а таксама маючым асаблівыя цяжкасці; яму таксама належыць працаваць дзеля таго, каб сужонкам і бацькам аказвалася дапамога ў выкананні іх абавязкаў, і садзейнічаць узрастанню хрысціянскага жыцця ў сям’і.

На вялікіх парафіях можа працаваць некалькі святароў (аб гэтым мы будзем гаварыць пазней), але менавіта пробашчу, як уласнаму пастыру, Касцёл дае першынство перад іншымі святарамі ва ўдзяленні хросту сваім парафіянам, ва удзяленні сакрамэнту канфірмацыі тым, хто знаходзіцца ў небяспецы смерці (больш дакладна аб удзяленні гэтага сакрамэнту мы будзем гаварыць пазней), ва удзяленні Віатыку і таксама намашчэння хворых, у асіставанні пры сужэнстве і благаслаўленні сужонкаў, у цэлебрацыі пахаванняў, у благаслаўленні хрысцільнай крыніцы ў пасхальны час, правядзенні працэсій па-за касцёлам, а таксама ўрачыстых благаслаўленняў па-за касцёлам, у асабліва ўрачыстых эўхарыстычных цэлебрацыях ў нядзелю і прадпісаныя святы.

Паважаныя радыёслухачы! У наступнай нашай перадачы мы працягнем нашу гаворку аб арганізаыі парафіяльнага жыцця, а на сёння я з вамі развітваюся. Пахвалёны Езус Хрыстус!

Кс. Дзмітрый Пухальскій








All the contents on this site are copyrighted ©.