2015-03-03 14:59:00

Апублікаваны статуты новых устаноў Святога Пасаду


На інтэрнэт-старонцы Святога Пасаду 3 сакавіка 2015 г. былі апублікаваны зацверджаныя папам Францішкам статуты Рады па эканамічных справах, Сакратарыяту па эканамічных справах і Генеральнага аўдытара Апостальскай Сталіцы. Пантыфік заснаваў гэтыя структуры 24 лютага 2014 г. Цяперашняе “Motu proprio” датуецца 22 лютага 2015 г. У ім гаворыцца, што задачай Рады па эканамічных справах з’яўляецца кантроль за структурамі і адміністрацыйнай і фінансавай дзейнасцю дыкастэрый і інстытутаў, звязаных са Святым Пасадам, а таксама некаторымі адміністрацыйнымі адзінкамі Дзяржавы Ватыкан.

Заданнем Сакратарыяту па эканамічных справах з’яўляецца маніторынг і кантроль фінансавых і адміністрацыйных пытанняў у згаданыя вышэй установах. Генеральны аўдытар, у сваю чаргу, павінен займацца іх аўдытам. Яго імя яшчэ не было абвешчана.

Рада па эканамічных справах павінна прадстаўляць Святому Айцу для зацвярджэння рэкамендацыі і нормы для забеспячэння вышэйзгаданых устаноў, скарачэння фінансавых і арганізацыйных рызык, адпаведнага размеркавання чалавечых і матэрыяльных рэсурсаў у асобных установах, каб яны маглі ажыццяўляць сваю дзейнасць эфектыўна і ў адпаведнасці з закладзеным бюджэтам.

Сакратарыят па эканамічных справах павінен рэалізаваць вышэйзгаданыя рэкамендацыі і нормы, прадстаўляючы Радзе свае прапановы. Таксама звяртаецца ўвага на неабходнасць супрацоўніцтва структуры з Дзяржаўным сакратарыятам. Сакратарыят па эканамічных справах складаецца з секцыі па кантролі і нагляду і адміністрацыйнай секцыі.

У сваю чаргу, Генеральнаму аўдытару будуць дапамагаць два дапаможных аўдытары. Адзначаецца, што яны дзейнічаюць у поўнай аўтаноміі і ў адпаведнасці з лепшымі міжнароднымі практыкамі ў пытаннях дзяржаўнага кіравання.

Усе дакументы устаноў носяць характар службовай таямніцы і павінны выкарыстоўвацца ў адпаведнасці з законам і належным чынам ахоўвацца.








All the contents on this site are copyrighted ©.