2015-03-02 11:37:00

Іерарх аб будучай энцыкліцы Папы пра экалогію


Энцыкліка папы Францішка, прысвечаная праблемам навакольнага асяроддзя,  можа дапамагчы паглядзець на тэмы экалогіі і ўстойлівага развіцця праз прызму навучання і гуманізма, якія вылучаюць прыгажосць, дабрыню і праўду стварэння, перш за ўсё, як справы Божай, “супольнага дому” цяперашніх і будучых пакаленняў. Такога меркавання прытрымліваецца сакратар Папскай рады “Iustitia et pax” італьянскі біскуп Марыё Тоза.

У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё іерарх выказаў перакананасць, што энцыкліка Святога Айца, з’яўленне якой плануецца летам 2015 г., прапануе сучаснаму свету – схільнаму да абстрактных тэорый, неаіндывідуалістычных і неаматэрыялістычных ідэалогій – мудры і цэласны ўклад, адкрыты на трасцэндэнтнасць, братэрства і салідарнасць.

У энцыкліцы папы Францішка гаворка будзе ісці пра прынцыпы паўсюднага прызначэння дабротаў, першаснасці чалавечай экалогіі над навакольнай, духоўнасці, якая заклікае да быцця і дзялення, але таксама пра неабходнасць адважнага, крэатыўнага, інавацыйнага і прафесійнага адказу на існуючыя праблемы.

На думку біскупа Тоза, станоўчыя вынікі энцыкліцы аб экалогіі будуць з’яўляцца паступова. Ён правёў паралель э энцыклікай Бэнэдыкта XVI “Caritas in veritate”, якая тычылася сацыяльных праблем і важнасці прынцыпа дару ў эканамічных адносінах. На яго думку, пад натхненнем гэтага дакумента сёння ў прадпрымальніцкім свеце з’яўляюцца шматлікія станоўчыя плёны. “Канешне, неабходна некалькі гадоў, каб убачыць плёны будучай энцыклікі”, сказаў ён.

Дакумент папы Францішка па пытаннях экалогіі і навакольнага асяроддзя, стане яго ўкладам у працу парыжскай канферэнцыі ААН па праблемах клімату. Папярэдні форум, які праходзіў у 2014 годзе ў перуанскай Ліме, расчараваў Святога Айца па прычыне “адсутнасці адвагі” на ім.








All the contents on this site are copyrighted ©.