2015-03-02 16:07:00

Францішак адзначыў мужнасць лівійскіх католікаў


Папа Францішак падзякаваў за мужнасць лівійскім католікам, якія працягваюць заставацца ў краіне насуперак трываючаму канфлікту. Аб гэтым ён казаў падчас аўдыенцыі для іерархаў Рэгіянальнай Біскупскай Канферэнцыі Паўночнай Афрыкі, якіх прыняў 2 сакавіка 2015 г. у рамках візіту “ad limina Apostolorum”. У паўночнаафрыканскі епіскапат уваходзяць біскупы з Лівіі, Марока, Туніса і Алжыру. “Вы з’яўляецеся перыферыяй свету, а таксама абліччам і сэрцам, з якімі Бог дасягае жыхароў гэтай перыферыі”, адзначыў Папа ў сваім звароце, які ўручыў іерархам.

Пантыфік асаблівым чынам адзначыў адвагу лівійскіх біскупаў, святароў, законнікаў і свецкіх вернікаў, якія не пакідаюць краіну нягледзячы на існаванне шматлікіх небяспекаў. “Яны з’яўляюцца сапраўднымі сведкамі Евангелля”, падкрэсліў ён.

Святы Айцец звярнуў увагу іерархаў на важнасць будавання міжрэлігійнага дыялогу і нагадаў, што любоў у стане адкрыць шматлікія шляхі для “нясення подыху Евангелля ў розныя культуры і сацыяльныя кантэксты”. “Самым эфектыўным проціяддзем насіллю з’яўляецца навучанне адкрыцці і прыняццю адметнасцяў у якасць багацця”, напісаў Папа.

Францішак заклікаў іерархаў Паўночнай Афрыкі, дапамагаць усім жыхарам рэгіёна, не раздзяляючы іх. Ён падзякаваў біскупам за тое, што часта становяцца здольнымі “сціплымі сродкамі прадэманстраваць любоў Хрыста і Касцёла да бедных, пажылых, жанчын патрабуючых дапамогі і зняволеных”.








All the contents on this site are copyrighted ©.