2015-03-02 15:27:00

Меры бяспекі ў Ватыкане – на высокім узроўні


Камандуючы Ватыканскай жандармерыяй Даменіка Джані пракаментаў сітуацыю з бяспекай Пантыфіка і шматлікіх пілігрымаў, якія прыбываюць у Ватыкан. Гэта тэма набыла актуальнасць у сувязі з пагрозамі ісламскіх тэрарыстаў нанесці ўдар па Вечным горадзе. “Пагроза існуе. Гэта тое, што вынікае з размоваў, якія я меў з італьянскімі і замежнымі калегамі. Але адна справа, гэта існаванне пагрозы, а іншая – планаванне ўдару. На дадзены момант, я магу сказаць, што мы не ведаем пра планы нападу на Ватыкан і Святога Айца”, сказаў камандуючы копрусам жандармерыі ў інтэрв’ю італьянскаму выданню “Polizia moderna”.

Даменіка Джані падкрэсліў, што меры бяскекі ў Ватыкане пастаянна захоўваюцца на высокім узроўні, “заўсёды адпаведна сітуацыям”. Ён заўважыў, што рызыкі звязаны не толькі з пагрозамі тэрарыстаў “Ісламскай дзяржавы”. На яго думку, больш небяспечнымі і нечаканымі могуць быць дзеянні асобных людзей: фанатыкаў, псіхічна хворых, злачынцаў, якія напаўшы на Ватыкан, жадаюць патрапіць у цэнтр увагі СМІ.

Святы Айцец, тым не менш, не жадае змяняць стылю свайго пантыфікату, якому ўласцівы непасрэдны і блізкі кантакт з людзьмі, сказаў Даменіка Джані. Гэта патрабуе большай увагі і намаганняў з боку жандармаў, якія яго ахоўваюць. “Францішак добра ўсведамляе пагрозы, з якімі можа сустрэцца, але яго першым клопатам з’яўляюцца вернікі”, падкрэсліў старшыня Ватыканскай жандармерыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.