2015-02-26 12:11:00

Эксперты: ёсць надзея на новую хвалю манаскіх пакліканняў


23-27 лютага 2015 г. у Рыме праходзіць міжнародная канферэнцыя, прысвечаная праблемам у сферы пакліканняў да манаскага жыцця. У форуме прымаюць удзел эксперты, адказныя за пакліканні, генеральныя настаяцелі манаскіх супольнасцяў з розных краін свету. Мерапрыемства паклікана дапамагачы ім у вызначэнні агульных патрэб і выклікаў, наладжаванні супрацоўніцтва праз дзяленне досведам і інфармацыяй.

Арганізатарам падзеі выступіла амерыканская “Нацыянальная манаская канферэнцыя па пытаннях пакліканняў” (National Religious Vocation Conference), у якой ёсць 27-гадовы досвед працы ў гэтай сферы. “Год кансэкраванага жыцця – гэта ідэальная нагода для таго, каб зразумець якім чынам розныя нацыянальныя структуры, задзейнічаныя ў развіццё пакліканняў, могуць дапамагаць і падтрымліваць манаскае жыццё”, - лічыць выканаўчы дырэктар гэтага аб’яднання брат Пол Бенарчык.

На думку ўдзельнікаў форума, нягледзячы на тое, што ў актуальны перыяд колькасць пакліканняў да манаскага жыцця ў многіх краінах застаецца дастаткова нізкай, у бліжэйшы час варта чакаць пераменаў. Падчас мерапрыемства гучалі сведчанні, які па-сапраўднаму абнадзейваюць. Напрыклад, адзначалася, што каля 40% французскай моладзі, якая прымае ўдзел у пілігрымках у Лурд, задумваецца аб сваім пакліканні да манаскага жыцця. Падкрэслівалася вялікая ўвага амерыканскай моладзі да манаскага служэння.

“Існуе адчуванне, што пад вуглямі ёсць полымя. Да світанку засталося зусім крыху. Таму трэба жыць гэтым момантам з надзеяй і даверам”, - падзяліўся сваімі спадзяваннямі з Ватыканскім радыё а. Дэвід Глэндэй, генеральны сакратар Аб’яднання вышэйшых настаяцеляў манаскіх супольнасцяў.

30 лістапада 2014 г., згодна з рашэннем папы Францішка, у Каталіцкім Касцёле пачаўся Год кансэкраванага жыцця. Ён будзе працягвацца да 2 лютага 2016 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.