2015-02-26 13:22:00

У Ватыкане прысудзілі “сацыяльную” прэмію


26 лютага 2015 г. у Рыме адбудзецца цырымонія ўручэння міжнароднай прэміі ватыканскага фонда “Centessimus Annus – Pro Pontifice” за дасягненні ў развіцці сацыяльнага навучання Касцёла. Узнагарода “Эканоміка і грамадства” прысуджана французскаму эканамісту, банкіру і гісторыку Пьеру дэ Лазэну за кнігу “Фінансы. Хрысціянскі пункт гледжання. Ад сярэдневечных банкаў да фінансавай глабалізацыі” (Finance. Un regard chrétien. De la banque médiévale à la mondalisation financière).

Пьер дэ Лазэн з’яўляецца аўтарам каля дзесяці кніг, прысвечаных праблемам эканомікі, фінансаў і дэмакратыі. У сваіх працах ён прадстаўляе гэтыя тэмы ў святле Святога Пісання, навучання Айцоў Касцёла, сярэдневечных тэолагаў і каталіцкай сацыяльнай дактрыны.

Спецыяльнымі прэміямі ватыканскага фонда будуць адзначаны таксама два маладых навукоўцы: Аляксандр Штумфоль з Германіі, за даследванне, прысвечанае ўплыву сацыяльнага навучання Касцёла на міжнародныя адносіны, і Артура Бэлак Мантаньё з Уругвая, за працу аб навуковай прыродзе сацыяльнай дактрыны. Узнагароды лаўрэатам уручыць кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін – бліжэйшы супрацоўнік папы Францішка.  

Фонд “Centessimus Annus – Pro Pontifice” быў заснаваны св. Янам Паўлам ІІ у 1993 г. з мэтай садзейнічання пашырэнню ведаў аб сацыяльным навучанні Касцёла і яго рэалізацыі ў палітычнай і эканамічнай сферах.








All the contents on this site are copyrighted ©.