2015-02-26 15:30:00

Нунцый: у Сірыі – катастрафічная гуманітарная сітуацыя


Папа Францішак, які прымае ўдзел у духоўных рэкалекцыях у італьянскім мястэчку Арыча, працягвае з заклапочанасцю сачыць за сітуацыяй у Сірыі, адкуль паступаюць трагічныя навіны. Аб гэтым у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё паведаміў Апостальскі нунцый у Дамаску арцыбіскуп Марыё Дзэнары. Папа добра інфармаваны пра падзеі ў Сірыі, і моліцца пра лёс сірыйскага народа, асабліва хрысціянаў. На паўночным усходзе краіны, дзе знаходзяцца шматлікія хрысціянскія вёскі, адбываецца прасоўванне джыхадзістаў.

Хрысціянская супольнасць Сірыі здаўна жыве ў сітуацыі напружання, і апошнія падзеі не надаюць ёй веры ў будучыню. Аднак не толькі хрысціяне – усё насельніцтва баіцца падзей, што адбываюцца ў раёнах, падкантрольных джыхадзістам. Той хто можа, ратуецца ўцёкамі. На пытанне пра тое, ці адчуваюць сябе хрысціяне пакінутымі міжнароднай супольнасцю, ватыканскі дыпламат адказаў, што такое адчуванне сярод мясцовага насельніцтва ёсць. На жаль, яно не бачыць адчувальных вынікаў.

Па яго словах, міжнародная супольнасць спрабуе прыняць шэраг мер дзеля таго, каб спыніць прасоўванне джыхадзістаў. Напрыклад, ужо спынены пастаўкі нафты і іншых рэсурсаў, блакіраваны банкаўскія рахункі, затрыманы тыя жыхары Еўропы, хто трапіў у палон ідэалогіі джыхада.

Апостальскі нунцый адзначыў, што ў краіне склалася катастрафічная гуманітарная сітуацыя – адна з самых цяжкіх з часоў Другой сусветнай вайны. Вайна ў Сірыі ідзе на два фронты. З аднаго боку, ужо больш за чатыры гады цягнецца грамадзянская вайна, якая забрала жыцці больш 200 тыс. чалавек, пакінула больш за мільён параненых, больш за 7 млн. унутраных бежанцаў і 4 млн. знешніх. З другога боку, жудасныя падзеі адбываюцца і ў зонах пад кантролем каліфата. Адзін фронт горшы за другі! – лічыць Апостальскі нунцый у Сірыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.