2015-02-26 13:09:00

Кардынал Кох: будучыня чалавецтва залежыць ад сям’і


Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох лічыць, што асноўным выклікам для Касцёла з’яўляецца сям’я, заснаваная на сужэнстве паміж мужчынам і жанчынай. Сям’я – гэта аснова грамадства. І тут нічога не можа змяніцца, нават, калі некаторыя спрабуюць прыменшыць значэнне сям’і і юрыдычна прыраўнаць яе да іншых формаў сужыцця. Іерарх прыняў удзел у цырымоніі ўручэння міжнароднай прэміі “Tu es Petrus”, якая адбылася ў мінулыя дні ў італьянскім горадзе Баціпалья.

У прамове да ўдзельнікаў цырымоніі ён звярнуў увагу на частую няздольнасць сучаснага чалавека прымаць абавязковыя і канчатковыя рашэнні, што з’яўляецца вынікам “культуры часовасці”, у якой чалавечая істота разглядаецца толькі ў якасці этапу эвалюцыі. У гэтым кантэксце кардынал Кох закрануў праблему разведзеных хрысціянаў, якія жывуць ў новых несакрамэнтальных саюзах, і іх доступу да сакрамэнтаў. На думку ватыканскага іерарха, неабходна вырашаць праблемы, якія ляжаць у аснове гэтага пытання, перш за ўсё, адсутнасць веры ў шлюбе. Па яго словах, расце колькасць “ахрышчаных язычнікаў” – людзей, якія прынялі хрост, але не ведаюць, што насамрэч значыць вера і сужэнства. Неабходна абнавіць сужэнскае душпастырства, якое не павінна абмяжоўвацца момантам шлюбу, але быць суправаджэннем сужэнскай пары на працягу ўсяго шляху. Вялікая адказнасць ляжыць на душпастыры, які павінен зразумець, як дапамагчы сужэнствам на грані распаду.

Кардынал звярнуў увагу на пладавітасць сужэнства, што ў хрысціянскім бачанні неадлучнае ад кахання паміж мужчынам і жанчынай. Сёння людзі адмаўляюцца нараджаць дзяцей, бо іх трывожыць невядомая і няпэўная будучыня. Задача хрысціянаў, - лічыць кардынал Кох – даць станоўчы сігнал, процілеглы тэндэнцыі зніжэння нараджальнасці, бо адзіны надзейны капітал для будучыні – гэта чалавек.

Міжнародная прэмія “Tu es Petrus” прысуджаецца за адметныя заслугі ў сведчанні евангельскіх каштоўнасцяў міласэрнасці і міру. У сакавіку 2013 г. бронзавы барэльеф з выявай св. Пятра быў уручаны папе Францішку.








All the contents on this site are copyrighted ©.