2015-02-24 11:38:00

Святы Айцец і яго візіт у Парагвай, Балівію і Эквадор


Папа Францішак у ліпені 2015 г., пасля свайго візіту ў Рыа-дэ-Жанейра на Сусветныя дні моладзі, 22-29 ліпеня 2013 г., вернецца ў Лацінскую Амерыку, каб наведаць тры паўднёваамерыканскіх краіны: Парагвай, Балівію і Эквадор. У мінулую нядзелю парагвайскі епіскапат звярнуўся да вернікаў з пастырскім пасланнем, у якім афіцыйна абвясціў пілігрымку Пантыфіка, дакладныя даты якой могуць быць абвешчаны ўжо ў бліжэйшыя тыдні. Францішак будзе другім Папам, які адправіцца ў гэтыя краіны. У выпадку Эквадора ён зробіць гэта пасля трох дзесяцігоддзяў ад візіту св. Яна Паўла II (з 30 студзеня па 1 лютага 1985 г.). Падарожжа ў Балівію і Парагвай адбудзецца праз 27 гадоў ад пілігрымкі таго ж Пантыфіка ў шэсць балівійскіх гарадоў (9-14 мая 1988 г.) і ў пяць парагвайскіх (16-18 мая 1988 г.).

Католікі ў гэтых трох лацінаамерыканскіх краінах складаюць большасць насельніцтва: 70% у Парагваі, 86% у Балівіі і 85% у Эквадоры. Гэтыя краіны з 1877 г. маюць добрыя дыпламатычныя адносіны са Святым Пасадам. Акрамя таго, з Балівіяй і Парагваем у мінулым былі падпісаны важныя спецыяльныя пагадненні (1957-1960 гг.). З Балівіяй, 29 мая 1851 г., быў заключаны першы сярод новых незалежных лацінаамерыканскіх краін канкардат. Хоць ён ніколі не быў ратыфікаваны, стаў вельмі важным пагадненнем, паколькі пасля служыў “мадэллю” для стварэння іншых такога роду дакументаў. З Эквадорам канкардат быў падпісаны 26 верасня 1862 г. і мадыфікаваны 2 мая 1881 г.

Трэба адзначыць, што Парагвай, Балівія і Эквадор – гэта краіны са значнымі эканамічнымі праблемамі і, такім чынам, з высокай доляй людзей, якія жывуць у беднасці або галечы. Яны параўнальна нядаўна прыйшлі да дэмакратычнага жыцця, зведаўшы дыктатарскія і аўтарытарныя рэжымы, часта вельмі жорсткія.

Што тычыцца мясцовых Касцёлаў – яны вельмі жывы і дынамічныя, актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім служэнні, рэалізуюць евангелізацыйныя праекты сярод сям’яў, моладзі і бедных. 

Супрацоўніцтва з дзяржавай выглядае па рознаму. У Парагваі яно больш цеснае і спакойнае. У выпадку Эквадора, у цэлым усё выглядае даволі добра, хоць былі моманты напружанасці і супярэчнасцяў. Сітуацыю ў Балівіі можна апісаць як далікатную, бо Прэзідэнт Эва Маралес і яго партыя часта рэзка нападалі на Касцёл і епіскапат. Толькі пасля абвяшчэння візіту Папы і стварэння сумеснай камісіі па яго падрыхтоўцы, гэтыя адносіны сталі больш спакойнымі і пазітыўнымі.








All the contents on this site are copyrighted ©.