2015-02-23 15:46:00

Ісусава малітва: малітвы ў думках


Вумнасардэчная малітва і «Фаворскае святло»

Пасля таго, як вы набылі навык малітвы «вуснай», можна перайсці да наступнай «прыступцы» - да малітвы «вумнай» або малітвы ў думках. На дадзеным этапе вы ўжо не прамаўляеце словы малітвы ўслых, але робіце гэта ў думках. Такім чынам ваша малітва становіцца больш «ўнутранай».

Вумная малітва і парадкаванне эмоцый

Характар вумнай малітвы такі, што паўтараючы ў думках словы малітвы, мы таксама разважаем над іх сэнсам. Гэтыя разважанні могуць выклікаць у нас пачуцці і эмоцыі, якія варта упарадкаваць. Напрыклад, у нас могуць паўстаць глыбокія пачуцці замілавання, раскаяння і падзякі, якія ў сваю чаргу выклічуць моцныя эмацыйныя перажыванні (хваляванне, напружанне...). Вось іх і трэба ўпарадкаваць, г.зн. перакшталціць у малітву, аддаць Богу. Вось чаму сярод парадаў аб ісусавай малітве можна сустрэць рэкамендацыю, што словы малітвы варта прамаўляць «плачучым тонам».

На што падобны «плачучы тон»? Ці даводзілася вам у дзяцінстве на самоце чакаць вяртанне мамы? Магчыма вы сумавалі, хоць не плакалі, але паціху «скуголілі» лежачы на сваім ложачку... Акрамя гэтага ўзгадайце, як дзеці выпрошваюць цукеркі (з зайздроснай настойлівасцю і рытмічнасць): «Ну м-ААА-мачка! Ну д-ААА-й...».

Падобны "сум" або "туга" па Богу можа нарадзіцца ў вашым сэрцы падчас малітвы. Вы "ўкладаеце" гэты "сум" у словы малітвы (наслядуючы тон дзіцяці, які клянчыць). Пры гэтым вы не адкрываеце рота, але на выдыху вы пачуеце нягучны гарлавы гук «хээ» свайго дыхання.

Уваход розуму ў сэрца

Пасля таго, як вы набылі навык малітвы ў думках (мысленнай або вумнай малітвы), пачынаецца новы этап - малітва сэрца (сардэчная малітва). Настаўнікі ісусавай малітвы кажуць пра неабходнасць "звесці» розум у сэрца.

Сэнс гэтага таямнічага выказвання заключаецца ў тым, каб "пакласці" словы малітвы на рытм вашага сэрца, і як следства, задаць рытм ўсёй сваёй існасці. Такім чынам ісусавая малітва становіцца малітвай цэлага чалавека, цалкам поглынае яго. Пачатак такой практыкі («дзелання») і ёсць пачатак няспыннай (нястомнай) малітвы. Пачатак гэта, зрэшты, дасягальна звычайнымі намаганнямі самога чалавека, у адрозненне ад вяршыні сардэчнай малітвы - «Фаворскага святла», «чыстай малітвы»...

Дзеля таго, каб «ўвесці» розум у сэрца скарыстаемся наступным вядомым псіхасаматычным метадам.

1. Сумясцім малітву і дыханне. На ўдых у думках прамаўляем «Госпадзе Ісусе, Хрысьце, Сыне Божы», на выдыху: "памілуй мяне [грешнаго (-ую)]".

2. Скіруем наш ўнутраны позірк ўглыб, туды, дзе (як нам здаецца) павінна знаходзіцца нашае сэрца і на выдыху адчуваем, як туды прыходзіць цяпло. Для палягчэння канцэнтрацыі можна пакласці правую руку на грудзі.

3. Канцэнтруемся на цяпле, якое ўзнікае і адначасова не перастем маліцца.

Цеплыня і перасцярога ўладыкі Феафана

Цяпло («цеплыня») - не з'яўляецца чымсьці звышнатуральным, але толькі цеплынёй вашага цела, цеплынёй саматычнай. Гэта цеплыня ні ў якім выпадку, не з'яўляецца нейкім асаблівым дасягненнем або, чаго горш, мэтай малітвы! Саматычная цеплыня - гэта інструмент, які можа дапамагчы нашаму далейшаму прасоўванню па дарозе да «чыстай малітвы», але не ёсць, як я ўжо падкрэсліў, мэтай у сабе.

Феафан Затворнік называе такую цеплыню «крывяной», і яна «будучы такою, не благая, калі не знаходзіцца ў сувязі з пахатлівым задавальненнем, хоць і лёгкім; а калі знаходзіцца, то ёсць благой і падлягае выгнанню» (вып. 3, стр. 225-226, п. 529).

Сапраўды, не гледзячы на тое, што мы канцэнтруемся на сэрцы, «крывяная» цеплыня можа ўзнікаць у самых нечаканых месцах, напрыклад, на шыі ці ніжэй ўзроўню сэрца. Канцэнтрацыя на цеплыні ніжэй ўзроўню сэрца можа прывесці да недарэчнага сэксуальнага ўзбуджэння, аб якім перасцерагае Феафан. Каб пазбегнуць такой «няправільнай» цеплыні варта паступова «перамясціць» яе, шляхам канцэнтрацыі, трошкі вышэй ўзроўню саску грудзей (альбо перапыніць малітву, прайсціся і зноўку паспрабаваць сканцэнтравацца на сэрцы).

Самаадвольная малітва і «Фаворскае святло»

Сябры, калі вам удалося рэалізаваць у сабе сардэчную малітву, і не толькі здабыць (гэта не так ужо складана), але і захаваць такі навык, то гэта азначае, што вы набылі "самаадвольную малітву».

Такая малітва нястомна «бяжыць» у вас у нутры, як ручай, незалежна ад таго, чым вы ў дадзены момант займаецеся. Такая малітва адбываецца без намаганняў і цалкам паглынае чалавека.

Апошняя прыступка ісусавай малітвы - «чыстая малітва» - ёсць дарам Божым. Тыя, хто дасягнулі гэтай прыступкі кажуць, што тут чалавек адпачывае ў Богу і вольны ад бясконцага патоку вобразаў, думак і пачуццяў. Гэты этап - вяршыня свядомага перажывання прысутнасці Ісуса, перажыванне сустрэчы з Ім у сэрца.

Многія настаўнікі ісусавай малітвы кажуць аб гэтым духоўным вопыце, як аб «Фаворскім святле». Гэтым самым яны параўноўваюць досвед «чыстай» малітвы з вопытам трох вучняў Ісуса, якія сталі сведкамі Яго Перамянення на гары Фавор.

Вельмі важна памятаць, што такая «чыстая» малітва ёсць дарам. А дары даюцца Богам, каб служыць іншым людзям. Аб дары малітвы можна прасіць, але яго нельга вырваць у Бога сілай.

а. Андрэй Буйніч








All the contents on this site are copyrighted ©.